Сяргей Навумчык: Рэпрэсіі рэжыму супраць грамадства — гэта этнацыд

Рэпрэсіі цяперашняга антыбеларускага рэжыму павінны ацэньвацца менавіта як этнацыд, перакананы палітык і журналіст Сяргей Навумчык. А збіццё і фізічныя катаванні, якія ўжо маюць вынікам гібель людзей — гэта ўжо катэгорыі генацыду.

У Салігорску ГУБАЗіКаўцы ўзялі чалавека за тое, што меў дома кнігі па беларускай гісторыі, — піша ў сваім тэлеграм-канале Сяргей Навумчык. — Калі два гады таму ў электрычцы затрымалі пенсіянераў, якія чыталі беларускія кнігі, і я назваў гэта этнацыдам, мне даказвалі, што я памыляюся, што этнічны пераслед тут ні пры чым: іх затрымалі за тое, што ладзілі акцыю; маўляў, чыталі б «Войну и мир» ці «Тихий Дон» па-руску — усё роўна ўзялі б.

Нічога падобнага немагчыма было б пачуць ні ад украінцаў, ні ад яўрэяў, ні ад палякаў: яны б былі перакананы, што адбыўся найперш пераслед па нацыянальнай прыкмеце. І толькі некаторыя беларускія інтэлектуалы скажуць, што «беларуская мова тут ні пры чым».

Але беларуская мова тут якраз на першым плане. І мова тут — галоўнае. У тым і справа, што чыталі кнігі менавіта на БЕЛАРУСКАЙ мове. Не на рускай, а на беларускай. І таму тое быў пратэст, у тым ліку (і нават — найперш) супраць прыніжэння нацыянальнай годнасці, супраць знішчэння нацыянальнай ідэнтычнасці. І за гэты пратэст людзей рэпрэсавалі.

Падаецца, што рэпрэсіі прарасійскага, антыбеларускага лукашэнкаўскага рэжыму (і не толькі з 2020 года, яны пачаліся з 1994-га) мусяць ацэньвацца менавіта як этнацыд, як пераслед найперш за імкненне беларусаў абараніць і захаваць сваю нацыянальную ідэнтычнасць. А збіццё і фізічныя катаванні, якія ўжо маюць вынікам гібель людзей — гэта ўжо катэгорыі генацыду. Супольна гэта — злачынствы супраць чалавечнасці.

novychas.online