
Фэдэральны судзьдзя ў Вашынгтоне загадаў Агенцтву глябальных мэдыя ЗША (USAGM) пералічыць „Радыё Cвабодная Эўропа / Радыё Свабода“ сродкі, ужо вылучаныя Кангрэсам ЗША на красавік 2025 году.
Судзьдзя Ройс Ламбэрт выдаў пастанову, у якой гаворыцца, што «сродкі, вылучаныя Кангрэсам ЗША, павінны быць перададзеныя „Радыё Cвабодная Эўропа / Радыё Свабода“». Судзьдзя зазначыў, што прэзыдэнт Трамп таксама падпісаў адпаведны закон аб бюджэце.
Гаворка ў пастанове судзьдзі ідзе пра 12 мільёнаў даляраў, якія мусілі пералічыць у красавіку.
Прадстаўнікі Белага дому не камэнтавалі гэтага рашэньня судзьдзі.
«Сёньняшняе рашэньне, якое прадпісвае USAGM вылучыць месячную суму з штогадовага бюджэту РСЭ/РС, вызначанага Кангрэсам, азначае, што нашы журналісты змогуць надалей працаваць, прыцягваючы дыктатараў і дэспатаў да адказу, — гаворыцца ў заяве прэзыдэнта „Радыё Cвабодная Эўропа / Радыё Свабода“ Стывэна Капуса. — Мы спадзяемся атрымаць запозьненыя сродкі за красавік неадкладна, бо ў гэтым месяцы мы былі вымушаныя адправіць супрацоўнікаў у вымушаны адпачынак і скараціць праграмы для рэгіёнаў, якія маюць крытычнае значэньне для нацыянальнай бясьпекі ЗША».
У сакавіку USAGM, арганізацыя-апякун „Радыё Cвабодная Эўропа / Радыё Свабода“, аб’явіла пра замарожваньне прыблізна 75 мільёнаў даляраў, вылучаных на фінансаваньне дзейнасьці РСЭ/РС Кангрэсам на гэты фінансавы год. Гэтае рашэньне прыняло часовае кіраўніцтва USAGM на падставе ўказу прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, які наказвае спыніць неэфэктыўнае расходаваньне сродкаў амэрыканскіх падаткаплатнікаў.
„Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода“ аспрэчыла законнасьць дзеяньняў кіраўніцтва USAGM у фэдэральным акруговым судзе ў Вашынгтоне. 25 сакавіка судзьдзя Ламбэрт вынес пастанову на карысьць РСЭ/РС, аднак арганізацыя-апякун не пералічыла сродкі, абумовіўшы іх выдачу непрымальнымі ўмовамі. У выніку „Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода“ было вымушанае зноў зьвярнуцца ў суд.
Праз спыненьне фінансаваньня кампанія была вымушаная адправіць частку супрацоўнікаў у адпачынак. Беларуская служба „Радыё Свабода“ перапыніла выпуск шэрагу знакавых праектаў: «ПіК Свабоды» на YouTube-канале «Свабода Premium» ці «Тлумачым з Гурневічам» на YouTube-канале „Радыё Свабода“, відэападкасты «Гісторыя на Свабодзе» і «Куды коціцца сьвет», істотна скараціўшы сваю штодзённую прысутнасьць на ўсіх плятформах.
«Мы будзем працягваць судовыя дзеяньні і супрацоўнічаць з USAGM, каб забясьпечыць выплаты ў астатні час фінансавага году», — падкрэсьліў Стывэн Капус.
- „Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода“, у склад якога ўваходзіць „Беларуская служба Радыё Свабода“ — незалежная мэдыякарпарацыя, якая фінансуецца за кошт сродкаў, вылучаных Кангрэсам ЗША праз Агенцтва глябальных мэдыя.
- 14 сакавіка 2025 году прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ пра скарачэньне дзейнасьці сямі дзяржаўных агенцтваў, у тым ліку USAGM.
- Усьлед за гэтым зьявілася апавяшчэньне аб спыненьні дзеяньня ўхваленага Кангрэсам ЗША гранту, які фінансуе дзейнасьць РСЭ/РС.
