«Прыходзяць і нішавыя мастакі, і проста творчыя людзі»: у Познані з’явілася новая беларуская фундацыя

Вось ужо як месяц праект KUT ладзіць дыскусійныя сустрэчы, творчыя вечары, майстэрні, выставы і адукацыйныя лекцыі. Пакуль што ўсе імпрэзы адбываюцца ў познаньскай кавярні «Мы», якую некалькі гадоў таму адкрылі дзве беларускі. Уласна, гэтая ўтульная прастора на вуліцы Фрэдры, 5 і натхніла дзяўчат на стварэнне чагосьці большага. Спачатку на кубачак кавы яны запрашалі людзей культуры, музыкаў і мастакоў, а не так даўно знайшлі фінансаванне на тое, каб яшчэ актыўней развіваць у Познані беларускую культуру. «Радыё Ўнэт» пагутарыла з суаўтаркай праекта KUT Вольгай.

– Калі мы з каляжанкай адкрылі кавярню, то адразу вырашылі, што гэта будзе месца, дзе мы будзем збіраць дзеячаў культуры, музыкаў. Нам сталі дапамагаць нашыя сябры, і ўсё гэта вылілася ў тое, што вось ужо як месяц існуе фундацыя KUT.

– Што мелі на ўвазе пад назвай?

– Шчыра? Тут няма нейкай цікавай гісторыі. У нас было некалькі словаў, якія нам падабаліся, але мы ўсё ніяк не маглі вызначыцца і цягнулі са стартам. У рэшце рэшт вырашылі, што калі рабіць найлепшыя ў свеце рэчы, то абсалютна не істотна, як мы называемся. Такі і сталі «Кутом». Мне падабалася, што гэта трошкі матэматычныя назва. У нейкім сэнсе, кут – гэта такі пункт, з якога ўжо няма выйсця. І ўсё ж мы ведаем, як беларусы паводзяць сябе ў, здавалася б, бязвыхадным становішчы. Ну і, канешне, «мой родны кут». Пра радкі Коласа таксама думалі.

І калі ў кавярню «Мы» часцей заходзіла моладзь, то са з’яўленнем фундацыі, якая пакуль што таксама месціцца ў кафэ, аўдыторыя стала больш шырокай. Вольга прызнаецца, што часамі нават хвалюецца, ці хопіць усім месца: людзей прыходзіць нечакана шмат.

– Тут і нішавыя мастакі, і проста творчыя асобы. Зрэшты, нашая мэта – кансалідацыя беларусаў. Я спадзяюся, мы будзем цікавыя ўсім.

Вынікі першага месяца дзейнасці – гэта серыя моўных спатканняў «Еш, малюй, размаўляй» (па аналогіі з вядомым творам «Еш, маліся, кахай»). На Міжнародны дзень роднай мовы ў кавярні прачыталі лекцыю пра Язэпа Драздовіча, некалькі тыдняў таму адбыўся паэтычны вечар. А да канца лютага на вуліцы Фрэдры, 5 будзе працаваць фотавыстава «Вырай» рэжысёркі Юліі Шатун.

– У мінулым годзе Юля стала падвойнай прызёркай iPhone Photography Awards 2022. Гэта былі здымкі «Прадаўцы рыбы на Камароўскім рынку» і «Пякарня Sefa Firini». У Юлі на фота мы бачым тую Беларусь, за якой вельмі сумуем. А вось у нядзелю, дарэчы, у нас будзе спатканне з мастаком Сяргеем Лунёвым. Гэта штосьці вельмі смелае, я нават сама не ведаю, што ў нас будзе адбывацца.

– Вольга, праз ваш натхнёны аповед нават хочацца пераехаць у Познань!

– Мне трошкі шкада аддаваць Познань усім (смяецца). Мне гэты горад нагадвае Парыж. Тут вельмі цікавае спалучэнне мастакоў, артыстаў, людзей культуры, і я сёння нават думала аб тым, што ў Познані ўвесь час пануе атмасфера артыстычных рэзідэнцый. Усе прыехалі сюды, каб штосьці ствараць.

Размову цалкам можна паслухаць па спасылцы.

radiounet.fm