
Больш за 43,5 тысяч еўра, атрыманых у якасці шасці паўгадавых стыпендый, выдзеленых беларускім даследчыкам праз Берлінскі філіял Інстутуту Пілецкага, запатрабавала вярнуць Міністэрства культуры Польшчы. Пра гэта піша выданне “Rzeczpospolita”. Прычына ў тым, што выдзяленне даных стыпендый не ўваходзіла ў задачы Інстытуту Пілецкага, лічаць у міністэрстве.
У сваю чаргу выконваючы абавязкі прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Павел Баркоўскі ў лісце, адрасаваным міністру культуры Ганне Урублеўскай, выказаў занепакоенасць пагрозай ліквідацыі беларускіх навукова-адукацыйных праграм, якія праводзяцца ў Інстытуце Пілецкага.
Акрамя таго, міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі заявіў, што даследчыя праграмы “ў Інстытуце Пілецкага ўяўляюць сабой не толькі дапамогу, але і сімвал салідарнасці ў барацьбе за каштоўнасці, якія з’яўляюцца агульнымі як для Польшчы, так і для Беларусі”.
