Вадзім Кабанчук: Еўропа рыхтуецца да новай вайны — і беларусы маюць у ёй ролю

Кааліцыя беларускіх дэмакратычных структур — ад палка імя Кастуся Каліноўскага і «Руху Каліноўцы» да «Кіберпартызанаў» і Прадстаўніцтва Дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве — абвясціла стартавае апытанне. Яго мэта — высветліць, ці гатовыя беларусы, што цяпер жывуць у Еўропе, далучыцца да нацыянальных абаронных падраздзяленняў на тэрыторыі краін Еўразвяза.

Наколькі важная такая апытанка і ці стаіць Еўропа перад новай фазай вайны? Ці сапраўды Беларусь, пад кантролем рэжыму Лукашэнкі, стала “дзіркай небяспекі” на мапе рэгіёну? І што могуць зрабіць самі беларусы?

Пра тое, як беларусы могуць стаць часткай новай архітэктуры еўрапейскай бяспекі — і што трэба зрабіць ужо цяпер, каб не быць не гатовымі да самага горшага сцэнару, для “Радыё Рацыя” распавёў прадстаўнік АПК па абароне і нацыянальнай бяспецы — Вадзім Кабанчук.

РР: Раскажыце пра апытанку і ці ёсць зацікаўленасць беларусаў у службе ў падраздзяленнях на тэрыторыі Еўразвяза. Што гэта за ініцыятыва?

Вадзім Кабанчук: Гэта ініцыятыва некалькіх структур, некалькіх арганізацый. Частка з іх афіцыйна падпісаныя пад гэтую апытанку, у тым ліку Полк Каліноўскага,  «Рух Каліноўцы», «Кіберпартызаны» і інш. Яна ўзнікла таму, што ў беларускай дыяспары, якая жыве ў Еўропе, даўно ёсць запыт на тое, каб у выпадку небяспекі для Усходняй Еўропы, для краін, дзе яны знаходзяцца, у іх з’явілася магчымасць легальна далучыцца ці да абароны гэтых краін, ці нейкім чынам спрыяць абароне гэтых краін. Напрыклад, праходзіць службу ў тэрытарыяльнай абароне, ці службу ва ўзброеных сілах гэтых краін. І мэтай гэтага апытання ёсць спраўдзіць настроі беларусаў, дяспары, прыкладна паглядзець у адсотках. Гэта свайго кшталту сацапытанне.  

РР: Якія наступныя дзеянні плануюцца пасля аналізу вынікаў апытання? Фармаванні падраздзяленняў, перамовы з урадамі краін ЕЗ, што гэта будзе?

Вадзім Кабанчук: Безумоўна,  у нас зараз няма магчымасці фармаваць падраздзяленні, таму што ў Еўропе няма адпаведнага заканадаўства. Хіба, акрамя Францыі, дзе можна служыць у замежным легіёне. Але нас найперш цікавіць Усходняя Еўропа, там дзе найбольшая колькасць цяпер знаходзіцца нашых вымушаных уцекачоў. У нас ужо будзе гэтая апытанка ў руках, прыкладна мы ўяўляем адсоткі жадаючых, і гэта нам дапаможа ў размове з палітыкамі і адпаведнымі структурамі. Таму што адное з пытанняў, якое яны задаюць,  колькі прыкладна беларусаў, на якую лічбу можна разлічваць. Таму што, зразумела, ніхто не будзе мяняць заканадаўства дзеля 50 ці 100 чалавек. Нам трэба мець дадзеныя. І такія размовы ўжо пачаліся. Пытанне нават не толькі ў беларусах, а пытанне наогул у замежніках, якім варта даць дазвол праходжання службы ў краінах Еўропы. Таму што, як паказвае досвед Украіны, у выпадку эскалацыі вельмі шмат людзей могуць проста прыехаць са ўсяго свету на дапамогу абароны, умоўна, ці Польшчы, ці Літвы. Мы ведаем, што якая шматлікая дыяспара ёсць польская ва ўсім свеце. Я ўпэўнены, гэта будуць тысячы палякаў, якія прыедуць не з польскім грамадзянствам, у іх будзе грамадзянства Вялікабрытаніі ці Канады. І яны па заканадаўстве не могуць далучыцца да збройнай абароны Польшчы. Мы гаворым пра гэта і калі будуць змены заканадаўства, то тады месца знойдзецца і для беларусаў.

РР: Ці праводзіліся кансультацыі з урадамі краін ЕЗ наконт магчымасці стварэння такіх беларускіх падраздзяленняў на іх тэрыторыі, у тым ліку Польшчы? Ці гэта проста агучвалася як пажаданне і ці бачная зацікаўленасць краін, асабліва, напэўна, Польшчы?

 Вадзім Кабанчук:Справа ў тым, што гэта бяспекавая сфера, да якой вельмі ўсе асцярожна ставяцца. Тут нельга махаць шабляй, што мы зараз усё павырашаем. Мы бачым, што Украіна пайшла на крок стварэння Міжнароднага легіёна толькі калі пачалася паўнамаштабная агрэсія. Яны на трэці дзень абвясцілі пра стварэнне Міжнароднага легіёна. Як гэта будзе ў іншых краінах? Мы б хацелі, безумоўна, каб да нас прыслухаліся. Робім дзеля гэтага ўсё магчымае. Я б асцярожна казаў пра стварэнне менавіта беларускіх падраздзяленняў. На маю думку, найбольш рэалістычна – гэта падраздзяленні легіянерскія для ўсіх замежнікаў. А там ужо сярод іх будуць і беларусы. І, безумоўна, трэба памятаць, што любое такое падраздзяленне, якое знаходзіцца ў той ці іншай краіне, яно ўсё роўна знаходзіцца ў нацыянальным падпарадкаванні Узброеных сіл гэтай краіны, і, як правіла, гэта краіна расстаўлае свой камандны склад, сваіх афіцэраў.

Апытанка пра зацікаўленасць службай ў ЕЗ даступная онлайн і будзе адкрыта для ўдзелу цягам найбліжэйшых тыдняў.

Цалкам гутарка:

Вольга Сямашка, racyja.com