Беларускую мову выкладаюць ужо ў дзвюх школах Стакгольма. Але іх можа быць і болей

Інфармацыяй пра тое, што ўжо ў дзвюх школах Стакгольма выкладаюць беларускую мову ў фармаце modersmål (урокі роднай мовы тым школьнікам, для якіх шведская мова не родная), з задавальненнем падзяліліася суполка „Беларусы ў Швецыі“.

Ахвотныя вывучаць беларускую мову могуць атрымаць месца ў школах Västbergaskolan (раён Hägersten) i Metapontum (раён Älvsjö), калі жывуць непадалёк.

Каб беларуская мова з’явілася і ў іншых школах, трэба, каб у камуне набралася пяць вучняў.

„Беларусы ў Швецыі“ адзначаюць, што беларуская мова – даволі новая з’ява для шведскай школы, таму з атрыманнем сваіх навучальных гадзінаў можа паўстаць праблема. Але калі аб’яднацца, даслаць свае заяўкі ў камуну адначасова, а таксама нагадваць пра іх чыноўнікам па тэлефоне, то гэтай праблеме можна даць рады.

Таксама суполка „Беларусы ў Швецыі“ нагадвае, што самы лепшы час, каб заняцца гэтымі справамі, – менавіта зараз. І калі ўсё атрымаецца, то ўжо ўвосень дзеці змогуць пачаць вучыць беларускую мову.

ЗБС „Бацькаўшчына“