
У Беластоку прайшла традыцыйная штомесячная акцыя салідарнасці з палітычнымі вязнямі, якія знаходзяцца ў зняволенні і вымушаныя там сустракаць свае дні народзінаў.
Гаворыць Вольга – адна з арганізатарак падобных акцыяў:
– Чарговы раз прыйшлі, таму што сітуацыя з палітвязнямі не мяняецца, гэта моцна зацягнулася, не відаць прасвету. Я разумею, што многія людзі, якія нават выйшлі з турмы, былыя палітвязні, таксама ўжо стаміліся, пачынаюць сваё прыватнае жыццё і паціху забываць. Нельга цэлы час жыць у стрэсе, бо чалавек не можа ўвесь час негатыўна думаць, бо гэта самаразбурэнне. Але ўсё ж такі мы зноў нагадваем, ужо некалькі гадоў мы робім падобныя акцыі.
Яшчэ адзін удзельнік акцыі Іван адзначае, што важна падтрымліваць палітвязняў і пасля іх вызвалення з турмаў, паказваць ім, што пра іх ніхто не забывае.
– Тое, што палітвязням гавораць у турме, а гэта гавораць, я гэта ведаю, мне самі палітвязні расказвалі, якія вызваліліся, што іх забылі, што яны нікому не патрэбныя. Гэта не праўда. Мы ўсіх іх памятаем, нікога не забылі, і былым палітвязням, якія прыедуць у замежжа, мы дапаможам. Мы іх не кінем, мы будзем іх падтрымліваць.
На сённяшні дзень, па падліках беларускіх праваабаронцаў, у месцах зняволення ў Беларусі знаходзяцца па меншай меры 1176 палітвязняў.


