150 гадоў з дня нараджэння Станіслава Жукоўскага

Беларуска-польскі мастак, акадэмік жывапісу Станіслаў Жукоўскі нарадзіўся 13 траўня 1875 года ў маёнтку Ендрыхоўцы (Ваўкавыскі раён). Паходзіў з сям’і Юльяна Жукоўскага і Марыі Вяржбіцкай. Сям’я пераехала ў маёнтак Старая Воля (зараз вёска Стараволя) недалёка ад Пружан. Там прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады Станіслава. Маці Марыя паходзіла са шляхецкага роду Вяржбіцкіх з Варшавы. Яна атрымала добрае хатняе выхаванне і адукацыю ў Парыжы, вылучалася сардэчнасцю і далікатнасцю, ведала некалькі замежных моў і была цудоўнай піяністкай. Станіслаў быў малодшым з траіх дзяцей. Маці вучыла дзяцей замежным мовам і музыцы, заахвочвала іх да малявання. Для Юльяна Жукоўскага маёнтак Старая Воля быў родным кутком, але за тое, што ён разам з братамі удзельнічаў у паўстанні 1863 года, расейскімі ўладамі быў пазбаўлены маёмасных правоў, таму пасля нараджэння Станіслава родны маёнтак прыйшлося арандаваць.

Юльян Жукоўскі ўвосень 1880 г. адвёз Станіслава ў Варшаву на вучобу ў прыватную класічную прагімназію Лагоўскага, дзе Станіслаў прабыў нядоўга. Хутка яго перавялі ў рэальную вучэльню ў Беласток, дзе вучыўся старэйшы брат. Там Станіслаў з асаблівай ахвотай заняўся маляваннем, якое выкладаў выпускнік Маскоўскай Строганаўскай вучэльні, вядомы пазней расейскі пейзажыст Сяргей Южанін. Але жаданне Станіслава стаць мастаком не падзяляў бацька. У 1892 г. Станіслаў пакінуў Беласток,паехаў у Маскву і паступіў у вучэльню жывапісу, скульптуры і дойлідства. Там прайшоў чатырохгадовы курс навучання. Шмат працаваў на пленэрах, актыўнічаў на вучнёўскіх выставах. У 1895 годзе атрымаў білет “для вольнага пражывання ва ўсіх гарадах і мястэчках Расейскай імперыі”. Значны час праводзіў на Гарадзеншчыне, стварыў карціны “Нёман”, “Лес. Папараці” і іншыя.

Восенню 1898 г. у вучэльню прыйшоў выкладаць Ісак Левітан. У яго малады мастак вучыўся працаваць і выбіраць эцюдныя матывы. Жукоўскі цяжка перажываў кожную нядобрую вестку з Бацькаўшчыны. А ў час 1-й сусветнай вайны сродкі ад сваіх выставаў ён высылаў землякам. Восенню 1923 г. пераехаў у Польшчу, дзе паспяхова выстаўляўся і атрымліваў узнагароды. Наладзіў кантакты з уладальнікам прыватнай галерэі Феліксам Рыхлінгам. У варшаўскім салоне Рыхлінга адбылася выстава яго прац, прывезеных з Масквы. Крытыкі станоўча адзначылі прызнанага майстра пейзажнага жывапісу, яго таленавітае і тэмпераментнае майстэрства. Жукоўскі ізноў узяўся з запалам за напісанне сядзібаў, маёнткаў, краявідаў.

31 кастрычніка 1924 г. адбылася выстаўка групы “Pro Arte”, у якой упершыню ўзяў удзел і Жукоўскі. 6 снежня 1925 года на адкрыцці Зімовага салона Таварыства заахвочвання мастацтваў мастак атрымаў узнагароду горада Варшавы – 500 злотых. Ён стаў адным з тых мастакоў, якія найбольш актыўна выстаўляліся ў “Захенце”. Штогод Жукоўскі выязджаў на пленэры на Гарадзеншчыну. Часта ў час гэтых вандровак не мінаў родныя мясціны: Сьвіслацкую пушчу, Падароск, Рось, Гарнастаевічы, Стараволю. А 13 лютага 1937 г. на выставе ў “Захенце” выставіў 20 карцінаў, прысвечаных культурным традыцыям сваёй радзімы.

У час 2-й сусветнай вайны мастак падтрымліваў сувязі з варшаўскім падполлем. Арыштаваны нацыстамі як удзельнік Варшаўскага паўстання. Загінуў у Прушкаўскім лагеры смерці восенню 1944 года. Палотны Станіслава Жукоўскага захоўваюцца ў музеях і прыватных калекцыях Беларусі, Польшчы, Расеі, Украіны і іншых краін. У Гародні яго імем названая вуліца.

racyja.com