
За пяць гадоў, па дадзеных праваабаронцаў, 3940 чалавек у Беларусі атрымалі статус палітвязня. 2716 палітвязняў цалкам адбылі свой тэрмін у турмах Беларусі і выйшлі з месцаў зняволення. 300 чалавек былі памілаваныя. Але за гэты час за кратамі памерлі 8 палітычных зняволеных.
Пра апошні такі выпадак стала вядома нядаўна – у пачатку 2025 года памёр палітвязень Валянцін Штэрмер, які адбываў тэрмін у шклоўскай калоніі № 17. Абставіны трагедыі пакуль невядомыя.
Паводле праваабаронцы ПЦ “Вясна” і былога палітвязня Леаніда Судаленкі, пяць гадоў у Беларусі ідуць рэпрэсіі і столькі ж год сярод праваабаронцаў вядуцца дыскусіі наконт колькасці палітвязняў.
– Гэтая дыскусія і ў праваабарончых, і не толькі, колах існуе. Безумоўна, адны агучваюць адну лічбу, іншыя – другую. І гэта звязана з тым, што, па-першае, не ўсе палітычныя вязні звяртаюцца, напрыклад, у “Вясну” і праваабарончыя арганізацыі дзеля сваёй бяспекі. Родныя асуджаных па палітычных артыкулах часта кажуць: калі ласка, не ўспамінайце нашага сваяка, не прызнавайце яго палітычным зняволеным, не згадвайце яго ў сацыяльных сетках ды іншай інфармацыі, таму што яму там гэта нашкодзіць.
Як зазначае праваабаронца, яны з паразуменнем ставяцца да такіх просьбаў – не публічаць імя гэтага чалавека і не прызнаюць яго палітвязнем. Але ёсць і такая опцыя ў праваабаронцаў, як прызнанне чалавека былым палітвязнем. Калі чалавек адбыў тэрмін, выехаў з Беларусі, тады ён ужо згодны на публічнасць і на прызнанне былым палітвязнем.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле: