
Па інфармацыі “Вясны”, напачатку года ў адным з пунктаў пропуску па вяртанні ў Беларусь за “падабайкі” ў сацсетках была затрыманая жанчына (яе даныя ёсць у праваабаронцаў), якая хварэла на анкалогію. Да суда яе змясцілі ў ІЧУ Брэста. Праз тры дні ёй прызначылі штраф і вызвалілі. Падчас знаходжання ў ізалятары жанчына захварэла на запаленне лёгкіх. Праз тыдзень яна трапіла ў лякарню, дзе пазней памерла. Распавядаем, што вядома пра смерць жанчыны.
На мяжы з Польшчай напачатку года пасля дадатковых праверак з аўтобуса знялі мужчыну і 66-гадовую жанчыну з дыягнаставанай анкалогіяй. Лёс мужчыны невядомы, а жанчыну змясцілі ў брэсцкі ІЧУ на тры дні да суда. У выніку яе прызналі вінаватай у “распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў” (арт. 19.11 КаАП) і асудзілі да штрафу памерам 20 базавых велічыняў. Вядома, што ў ізалятары жанчына захварэла на запаленне лёгкіх. Пасля вызвалення яна паехала дадому, дзе спачатку самастойна змагалася з хваробай. Праз тыдзень яе забралі ў лякарню. Амаль праз месяц жанчына памерла. Прычына — слабы імунітэт і запаленне лёгкіх.
Што цяпер адбываецца на мяжы?
Паводле даных “Вясны”, з пачатку 2025 года на мяжы з Беларуссю былі затрыманыя мінімум некалькі дзясяткаў чалавек. Кожны дзень у беларускіх пунктах пропуску працягваюцца праверкі тэлефонаў, допыты і затрыманні. Апроч гэтага, па-ранейшаму выводзяць з транспарту для размовы ўкраінцаў, якую едуць транзітам праз Беларусь.
Падставай для “зацікаўленасці” чалавекам могуць стаць яго легалізацыя ў іншай краіне, доўгая адсутнасць у Беларусі, “экстрэмісцкія” падпіскі ў тэлефоне, і нават асабістая перапіска, якая сілавікам можа падацца “падазронай”. Некаторых пасля праверак выводзяць у кайданках з аўтобусу і праводзяць да суду ў ІЧУ, а да некаторых прыходзяць праз некалькі дзён.
Пад пераслед трапляюць як беларусы, так і грамадзяне іншых краін, у асноўным — украінцы. Таксама вядомы выпадак, калі чалавеку пасля вяртання сілавікі прапаноўвалі “супрацоўніцтва”.
Пасля затрымання на мяжы, усіх затрыманых да суда змяшчаюць у ІЧУ ў бліжэйшым ад мытні горадзе, пасля чаго прызначаюць або штраф і вызваляюць, або даюць “суткі”. Часцей за ўсё людзей, якіх затрымалі ў пункце пропуску, судзяць за “распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў” (арт. 19.11 КаАП). Выключэннем могуць стаць тыя, каго затрымлівае КДБ. У такім выпадку, калі допыт адбываецца ў Мінску, то там супраць іх складаюць пратакол за “дробнае хуліганства” (арт. 19.1 КаАП), або адразу змяшчаюць у СІЗА ў межах крымінальнай справы. Затрыманні адбываюцца як на мяжы з Польшчай, так і з Літвой.
Так, напрыклад, праваабаронцам стала вядома пра затрыманне напрыканцы студзеня Жанны Вайніловіч. Вядома, што жанчына вярталася ў Беларусь з Польшчы і была затрыманая не на мяжы, а праз некалькі дзён пасля гэтага. Яе абвінавацілі па «народным» арт. 342 КК за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту. Яе ўтрымлівалі ў СІЗА крыху больш за два месяцы, а пазней прызначылі два гады “хатняй хіміі”.
