Ва Ўкраіне расказалі пра задачы сваёй выведкі перад вучэньнямі «Захад-2025» і расейскіх абстрэлах памежжа

У Сумскай вобласьці ў ноч на 24 чэрвеня трывога праз расейскія ўдары працягвалася больш за 13 гадзін. Ілюстрацыйнае фота

Расея захоўвае інтэнсіўнасьць абстрэлаў памежных украінскіх тэрыторый — Чарнігаўскую, Сумскую і Харкаўскую вобласьці.

У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны не выключаюць імаверных правакацый з боку тэрыторыі Беларусі ў часе правядзеньня вайсковых вучэньняў «Захад-2025».

«Вядома ж, рызыка пагрозы павялічыцца, калі будзе праходзіць актыўная фаза вучэньняў, якія анансаваныя на верасень, але цяпер задача падразьдзелаў выведкі асачыць поўную інфармацыю аб тым, якія сілы Расея выкарыстае на тэрыторыі Беларусі ў часе гэтых вучэньняў, і, уласна, дзе яны будуць праходзіць», — паведаміў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону.

Паводле яго, Расея, выкарыстоўваючы Беларусь, можа спрабаваць зрабіць розныя дзеяньні, у тым ліку, «нейкія дэманстрацыйныя» у кірунку нашай мяжы.

«Таму мы павінны нарошчваць свае абарончыя магчымасьці па лініі мяжы і ў памежжы, ствараючы фартыфікацыйныя ўмацаваньні, каб украінскія вайскоўцы мелі ўсе магчымасьці адбіць любыя атакі, якія такія адбудуцца з тэрыторыі Беларусі», — падкрэсьліў Андрэй Дземчанка.

На восень 2025 году ўлады Беларусі і Расеі рыхтуюць супольныя маштабныя вучэньні на беларускай тэрыторыі.

Летась у кастрычніку міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін назваў вучэньні «Захад-2025» «галоўнай падзеяй», да манэўраў плянуецца залучыць больш за 13 тысяч чалавек.

Сёлета ў чэрвені Віктар Хрэнін паведаміў пра прынятае рашэньне зьнізіць колькасьць удзельнікаў беларуска-расейскіх манэўраў «Захад-2025», а самі вучэньні перанесьці ўглыб беларускай тэрыторыі.

Расейскія войскі не зьмяншаюць інтэнсіўнасьць удараў па ўкраінскім памежжы

Андрэй Дземчанка заявіў, што цяпер Расея захоўвае інтэнсіўнасьць абстрэлаў памежных украінскіх тэрыторый — Чарнігаўскую, Сумскую і Харкаўскую вобласьці.

Паводле яго, для ўдараў расейскія войскі выкарыстоўваюць усе віды ўзбраеньня — дроны, артылерыю, а таксама баявую авіяцыю.

Прадстаўнік памежнай службы адзначыў, што на мяжы з Украінай у Сумскай вобласьці Расея сканцэнтравала прыблізна 50 тысяч сваіх вайскоўцаў, а таксама ў Харкаўскай вобласьці, спрабуючы расшырыць зону баявых дзеяньняў.

Улады Сумскай вобласьці паведамілі, што ў ноч на 24 чэрвеня трывога ў рэгіёне праз расейскія ўдары працягвалася больш за 13 гадзін.

У выніку абстрэлаў загінулі тры чалавекі, у тым ліку адно дзіця, яшчэ 19 атрымалі раненьні, у тым ліку 5 дзяцей. Шмат пашкоджаных прыватных будынкаў і цывільнай інфраструктуры.

У Харкаўскай вобласьці раненьні атрымалі4 асобы, у тым ліку 15-гадовая дзяўчына.

У Кіеве завяршылі апэрацыю па пошуку загінулых у зьнішчаным пяціпавярховіку

Міністар унутраных спраў Украіны Ігар Кліменка паведаміў аб завяршэньні пошукавай апэрацыі ў Шаўчэнкаўскім раёне ўкраінскай сталіцы, дзе напярэдадні расейская ракета пацэліла ў пяціпавярховы дом.

«Расейская ракета 23 чэрвеня забрала жыцьці 9 чалавек. […] На месцы ўдару працягваюцца аварыйна-аднаўляльныя працы — адмыслоўцы дэмантуюць небясьпечныя канструкцыі», — удакладніў міністар.

Паводле ўладаў Кіева, у выніку расейскага ўдару па Шаўчэнкаўскім раёне пацярпелі 26 гараджан, а ўсяго па Кіеве 36 чалавек атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасьці.

Расейскія войскі рэгулярна абстрэльваюць Украіну з розных відаў узбраеньня — ударнымі дронамі, ракетамі, кіраванымі авіябомбамі.

Кіраўніцтва Расеі зьняпраўджвае тое, што расейская армія наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры і мірным насельніцтве.

Украінская ўлада і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расейскай Фэдэрацыі і пераконваюць, што яны маюць мэтанакіраваны характар.

svaboda.org