
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і генэральны сакратар Рады Эўропы Ален Бэрсэ падпісалі дамову аб стварэньні спэцыяльнага трыбуналу для расьсьледаваньня злачынства агрэсіі супраць Украіны.
Як паведаміла Ўкраінская служба „Радыё Свабода“, падпісаньне адбылося 25 чэрвеня.
«Упершыню ствараецца спэцыяльны міжнародны трыбунал для разгляду злачынстваў агрэсіі. Гэты трыбунал, створаны ў рамках Рады Эўропы, выкарыстоўваючы міжнароднае права без падвойных стандартаў і пацьвярджаючы, што бясьпека Эўропы грунтуецца не на маўчаньні ці беспакаранасьці, а на законе, прынцыпах і дзеяньнях, прыцягне да адказнасьці тых, хто ўжыў сілу і парушыў Статут ААН», — заявіў Ален Бэрсэ.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі назваў стварэньне спэцыяльнага трыбуналу «сапраўды важным крокам».
«Кожны злачынец павінен ведаць, што будзе справядлівасьць, і гэта датычыць і Расеі. Зараз мы сур’ёзна ўзмацняем юрыдычную вайну. Наперадзе яшчэ доўгі шлях, але ў палітычным пляне мы ўжо дасягнулі значнага прагрэсу», — сказаў Уладзімір Зяленскі.
Улады Беларусі падтрымалі ваеннае ўварваньне Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь не зьяўляецца ўдзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (аб дапамозе вайсковай прамысловасьці і лячэньні параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
Нядаўна Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) унесла дапаўненьне ў прынятую рэзалюцыю, у якім гаворыцца, што Аляксандар Лукашэнка нясе адказнасьць за прымусовае перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей з тэрыторыяў, акупаваных Расеяй.
Паводле незалежных расьсьледаваньняў, большасьць беларускіх прадпрыемстваў вайскова-прамысловага комплексу працуюць на расейскія заводы, якія вырабляюць баявыя дроны і іншыя боепрыпасы, а таксама вайсковую тэхніку.
