
У суботу, 28 чэрвеня, на плошчы Вінцаса Кудзіркі ў Вільні адбылася маштабная акцыя падтрымкі беларускіх палітвязняў. У цэнтры ўвагі апынуліся Сяргей і Святлана Ціханоўскія, а таксама іншыя вядомыя фігуры беларускага грамадзянскага супраціву. Прысутнічала каля 350 чалавек, сярод якіх — вядомыя актывісты, палітыкі, музыкі і грамадскія дзеячы.
Сярод гасцей быў і журналіст, былы палітвязень Ігар Карней, які распавёў „Радыё Рацыя“ пра настроі на акцыі:
– Трэба карыстацца любым момантам, каб Беларусь піярыць, ратаваць, пакуль не позна. Адчуваецца, што людзі самі крыху прытаміліся ў гэтай сітуацыя. Многія дастаткова вялікія тэрміны знаходзяцца ў іншай краіне. І тут людзі засцерагаюцца, бо ў многіх засталіся ў Беларусі сваякі. Не вельмі прыемны момант, адчуваецца, што ёсць напружанасць паміж групамі людзей.
Сяргей Ціханоўскі стаў своеасаблівым вядоўцам акцыі. Ён паабяцаў хутка абвясціць збор каманды і заявіў пра намер дабівацца сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Яго словы каментуе Ігар Карней:
– Эмацыйна Сяргей Ціханоўскі верны сабе, працягвае падвышаць градус ўласнай прысутнасці і ўласнай значнасці. Як гэта адаб’ецца далей, наколькі ягоныя амбіцыі сур’ёзныя і маштабныя – гэта пакажуць бліжэйшыя нават не месяцы, а можа тыдні.
Сустрэча не абышлася без інцыдэнту. Адзін з прысутных, Святаслаў Мілейкоўскі, раней вядомы як каардынатар штаба Бабарыкі і Цапкалы, публічна выкрыкваў абразы ў бок Ціханоўскіх. Ён абвінаваціў іх у пагрозе нацыянальнай бяспецы Літвы. Паліцыя затрымала мужчыну для праверкі дакументаў і неўзабаве адпусціла.



racyja.com,
фота Ervin Rauluševičius
