
Падчас пленарнага пасяджэння Еўрапейскага парламенту адбылася дыскусія аб сітуацыі ў Беларусі і вызваленні палітвязняў.
Польская еўрадэпутатка Малгажата Гасеўская, якая з’яўляецца кіраўніцай дэлегацыі Еўрапарламенту па сувязях з Беларуссю заявіла: «Лукашэнка вызваліў 30 закладнікаў. Не „вязняў“ — закладнікаў, жорстка катаваных, маральна і фізічна знясіленых. Іх знешні выгляд гаворыць сам за сябе. Паглядзіце на твар Сяргея Ціханоўскага — гэта не аблічча чалавека, які зноў здабыў свабоду. Гэта доказ злачынства». Гасеўская мяркуе, што рэжым у Беларусі не спыняецца і ня спыніцца. Паводле яе меркавання, сёлета ў Беларусі адбудзецца больш за 1700 новых арыштаў і з’явяцца сотні новых палітвязняў. Гасеўская адзначыла: «Псеўдасуды працуюць кожны дзень, як у выпадку з Вікторыяй Кульшай — пяты прысуд, цяжкі стан здароўя, бестэрміновае зняволенне. Гэта не закон. Гэта сістэма тэрору». Еўрадэпутатка мяркуе, што т.з. памілаванні палітвязняў з’яўляюцца няшчырымі, што гэта цынічная гульня рэжыму і дымавая заслона.
На яе думку, Лукашэнка слабее, а санкцыі працуюць. Таму Гасеўская заклікала не змякчаць санкцыі, а, наадварот, узмацняць іх. Калі Еўропа будзе адступаць, гэта, паводле Гасеўскай, стане згодай са злачынствам: «ЕЗ павінен заявіць аднагалосна: ніякіх саступак. Ніякіх ілюзій. Прыпыненне санкцый толькі ў адным выпадку — поўнае, неадкладнае вызваленне ЎСІХ палітвязняў, прызнанне несапраўднымі ЎСІХ палітычных спраў, НУЛЬ новых рэпрэсіяў».
