
У ноч на 10 ліпеня расейскія войскі нанесьлі новы моцны ўдар па Ўкраіне. Больш за 30 чалавек атрымалі раненьні і сама меней тры асобы загінулі.
Паветраная трывога працягвалася амаль 10 гадзін.
Ахвяры і пацярпелыя ёсьць ва ўсіх атакаваных Расеяй рэгіёнах Украіны
У Кіеве ў выніку атакі бесьпілётнікамі пацярпелі пяць раёнаў. Аскепкі зьбітых дронаў пацэлілі ў жылыя дамы, запраўку, гаражы, і выклікалі пажары.
Паводле мэра Кіева Віталя Клічка, папярэдне пацярпелі 16 чалавек, 10 зь іх шпіталізавалі.
Паводле Кіеўскай гарадзкой вайсковай адміністрацыі, яшчэ два чалавекі загінулі.
Кіеўская гарадзкая пракуратура завяла крымінальную справу паводле факту ваеннага злачынства Расеі, якое выклікала гібель людзей.
Паводле ўладаў Херсонскай вобласьці, у рэгіёне ў выніку расейскай атакі загінула адно дзіця і яшчэ 14 чалавек атрымалі раненьні. Асноўнымі цэлямі расейскіх войкаў былі жылыя кварталы, а таксама крытычная і сацыяльная інфраструктура.
У Запароскай вобласьці — адзін паранены. У Харкаўскай вобласьці, якую расейцы абстрэльваюць з авіяцыі і дронамі, пацярпелі 2 чалавекі.
Расея атакавала Ўкраіну цягам амаль 10 гадзін
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што ў ноч на 10 ліпеня расейскія войскі нанесьлі па Ўкраіне камбінаваны ўдар з выкарыстаньнем 18 балістычных ракет і прыблізна 400 ударнымі дронамі.
«Гэта відавочнае нарошчваньне тэрору з боку Расеі: сотні „шахедаў“ кожную ноч, пастаянныя ўдары, масіраваныя атакі супраць украінскіх гарадоў. Гэта азначае, што патрэбна паскарэньне. Патрэбна быць больш хуткімі з санкцыямі і ціснуць на Расею так, каб яна адчула наступствы свайго тэрору. Партнэрам трэба быць больш хуткімі з інвэстыцыямі ў вытворчасьць зброі і разьвіцьцё тэхналёгій», — напісаў Уладзімір Зяленскі ў сваім Telegram-канале.
Бесьпілётнікі працягваюць залятаць у Беларусь
Паводле ўкраінскіх маніторынгавых Telegram-каналаў, сама меней тры бесьпілётнікі заляталі ў Беларусь — адзін пасьля 20.00 праз Рэпкі, другі — пасьля гадзіны ночы праз Лельчыцы ляцеў курсам на Жыткавічы і трэці — пасьля другой ночы заляцеў у Беларусь праз украінскі Славуціч.
У Беларусі не паведамляюць аб такіх інцыдэнтах.
