Марыя Калеснікава працуе ў калоніі і аднаўляецца пасля аперацыі

Марыя Калеснікава. Фота з адкрытых крыніц

Станам здароўя Марыі Калеснікавай пацікавілася «Народная Воля».

Нагадаем, экс-кіраўніка штаба Віктара Бабарыкі, затрымалі на пачатку верасня 2020 года. На мяжы Калеснікава парвала свой пашпарт, каб пазбегнуць вымушанай дэпартацыі, і ў выніку апынулася за кратамі.

6 верасня 2021 года Мінскі абласны суд палічыў Марыю Калеснікаву вінаватай у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч.1 арт.357, ч.3 арт.361, ч.1 арт.361-1 Крымінальнага кодэкса, і прысудзіў да 11 гадоў пазбаўлення волі за змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраванне такім фарміраваннем, публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады.

КДБ унес Марыю Калеснікаву ў спіс асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці.

Напрыканцы мінулага года стала вядома, што Марыя трапіла ў шпіталь з хірургічнай паталогіяй, дзе яе прааперавалі.

“Зараз Марыя вярнулася да працы ў калоніі, – распавялі “Народнай Волі” яе знаёмыя. – Аднаўляецца пасля аперацыі, набірае вагу, бо пасля бальнічнай палаты схуднела. І галоўнае – застаецца моцнай духам…”.

Вядома таксама, што ў калоніі Марыі Калеснікавай забаронена тое, на што іншыя зняволеныя маюць права. Напрыклад, у гэтым годзе тэлефонныя званкі абмежавалі да аднаго ў месяц, забаранілі размаўляць з сястрой. У мінулым годзе было толькі адно спатканне з бацькам. Таксама апошнім часам былі праблемы з ліставаннем.

Я дакладна ведаю, што любыя цяжкасці закончацца, – напісала ў адным са сваіх лістоў на волю Марыя Калеснікава. – Дык навошта сумаваць і перажываць, калі абавязкова наступіць момант, калі цяжкасці закончацца? Навошта траціць час свайго жыцця на тое, што не мае сэнсу, ды яшчэ і прыносіць мне шкодуЯ жыву так, як быццам не існуе ўсяго гэтага жудаснага і “дзіўнага”, што наўкол мяне”.

Сяргей Заблоцкі, nv-online.info