Каб доўга не стаяць на мяжы з Польшчай, дзяўчына скарысталася лайфхакам. Вынік: віза згарэла, вандроўка сапсаваная

Была ў Еўрасаюзе, але не змагла там і кроку зрабіць. Беларуска паскардзілася ў трэдсе, як недарэчна пазбавілася турыстычнай грэчаскай візы і сапсавала сабе адпачынак.

Да Польшчы беларуска так і не даехала. Варшава, ілюстрацыйны здымак

Дзяўчына, падпісаная як Арына Гурава, хацела атрымаць шэнгенскую візу, каб трапіць у Еўрасаюз (якая краіна была патрэбная, не ўдакладняецца). Паколькі вопыту самастойнага адкрыцця візы ў дзяўчыны не было, яна вырашыла звярнуцца па дапамогу ў агенцтва — і заплаціла за яго паслугі 500 рублёў. Запаветны шэнген беларуска атрымала — аднаразовую візу ёй выдала Грэцыя.

Пачынаць вандроўку дзяўчына планавала з Польшчы. Але ведаючы, якія шалёныя чэргі цяпер на мяжы з гэтай краінай Еўрасаюзу, яна вырашыла скарыстацца турыстычным лайфхакам. З Беларусі паехаць цягніком праз Літву ў расійскі Калінінград, а ўжо адтуль рухацца ў Польшчу — без чэргаў на расійска-польскай мяжы.

Аднак беларуску чакаў непрыемны сюрпрыз: польскія памежнікі адмовіліся пускаць яе на тэрыторыю Еўрасаюза, бо аднаразовы шэнген ужо быў выкарыстаны — фармальна ж дзяўчына на цягніку ўжо заехала ў Еўрасаюз і выехала за яго межы, калі рушыла транзітам праз Літву.

Цяпер беларуска абурана на ўвесь свет, а асабліва на візавае агенцтва. Сцвярджае, што 100 разоў там казала пра свой маршрут праз Калінінград. Беларуска лічыць, што яе павінны былі папярэдзіць, што з аднаразовай візай так ехаць нельга. Пры гэтым яна ж прызнаецца, што нават не паглядзела ў пашпарт, якую менавіта візу атрымала.

Планы прыйшлося тэрмінова мяняць — у выніку дзяўчына набыла квіток на самалёт да Ерэвана. Ну і адначасова зноў шукае візавага агента, каб зрабіць новую шэнгенскую візу.

nashaniva.com