Ціханоўская — міністру замежных справаў Італіі: «Мы разлічваем на працяг вызваленняў»

На палях Дуброўніцкага форуму ў Харватыі Святлана Ціханоўская сустрэлася з міністрам замежных справаў Італіі Антоніа Таяні.

Падчас сустрэчы яны абмеркавалі геапалітычную і бяспекавую сітуацыю ў рэгіёне, а таксама нядаўнія вызваленні палітвязняў, якія адбыліся пры падтрымцы адміністрацыі ЗША, у тым ліку вызваленне Сяргея Ціханоўскага.

Ціханоўская падкрэсліла, што «неабходна працягваць сумесныя намаганні ЗША і ЕС, каб дабіцца вызвалення ўсіх, хто знаходзіцца ў няволі, і спынення рэпрэсіяў у Беларусі. Спалучэнне ціску, салідарнасці і дыпламатыі працуе — і мы павінны рухацца далей».

Міністр Таяні выказаў цвёрдую падтрымку беларускаму народу і дэмакратычным сілам, падкрэсліўшы, што Італія гатовая дзейнічаць разам з ЗША і ЕС дзеля падтрымкі свабоды і дэмакратыі ў Беларусі.

Таксама Ціханоўская падзякавала за выдачу шэнгенскіх візаў, падтрымку беларускіх ініцыятываў у АБСЕ І Еўрасаюзе, і ААН, за працу дыпламатаў, і падтрымку грамадзянскай супольнасьці.

tsikhanouskaya.org