
У Грузіі беларусу адмовілі ў прыняцці дакументаў і затрымалі пасля спробы падаць заяву на прытулак. Пра гэта «Белсату» распавёў праваабаронца Раман Кісляк.
Паводле словаў праваабаронцы, гэта была адмова ў допуску да працэдуры. Раман Кісляк распавядае, што суправаджаў чалавека, які папрасіў у яго дапамогі з дакументамі для надання прытулку ў Грузіі (імя гэтага чалавека праваабаронца не раскрывае, але ў яго ёсць дазвол ад яго на тое, каб падзяліцца ягонай гісторыяй).
14 ліпеня, праседзеўшы разам з мужчынам у чарзе пад сонцам з самай раніцы, у пэўны момант праваабаронца падумаў, што ў гэты дзень іх ужо не прымуць, і ад’ехаў па сваіх справах. Менавіта ў той час беларус, якому ён дапамагаў, напісаў: «Я заходжу». І пасля гэтага, кажа Раман Кісляк, мужчына знік і не выходзіў на сувязь.
«Я выклікаў паліцыю, прыехалі патрульныя, і я заявіў аб гвалтоўным знікненні, пра тое, што ён [мужчына] затрыманы і ягонае месца знаходжання і факт затрымання хаваецца. Я пачаў акцыю, пратэст супраць гэтага, і вось у гэты момант ён патэлефанаваў», – распавядае праваабаронца.
Як паведаміў Раману Кісляку мужчына, яго запрасілі ўнутр, ён падаў загадзя падрыхтаваную форму заяўкі. Заяўку спачатку прынялі, але пасля аддалі назад і сказалі, што не паспеюць прыняць мужчыну, прапанаваўшы прыходзіць на наступны дзень. Але калі беларус выходзіў за браму дэпартаменту, яго затрымалі за нелегальнае знаходжанне на тэрыторыі Грузіі (мужчына не зрабіў так званы візаран – не выехаў з тэрыторыі краіны для абнаўлення перыяду знаходжання ў Грузіі).
«Гэта відавочнае парушэнне, я гэтага так не пакіну, буду гэта ўздымаць на юрыдычным узроўні і медыйна. Па-другое, гэта азначае, што ў тых, хто знаходзіцца нелегальна [на тэрыторыі Грузіі], няма абароны. І іх будуць затрымліваць і спрабаваць дэпартаваць. Дай бог, каб не ў Беларусь. Вось на такія хітрыкі яны [грузінскія ўлады] ідуць», – кажа Раман Кісляк.
Праваабаронца адзначае, што супрацоўнікі грузінскага МУС часта дзяжураць на шляху да міграцыйнага дэпартамента і выбарачна правяраюць дакументы ў тых, хто ідзе ў яго. Некаторых спыняюць проста па дарозе – так вылоўліваюць тых, хто ідзе падавацца на прытулак, але яны проста не даходзяць.
Гэтаму беларусу пашанцавала дайсці без праблем, але ў выніку была зроблена такая хітрасць для ягонага затрымання. У сувязі з гэтым Раман Кісляк кажа, што будзе ўздымаць гэтую праблему і на міжнародным узроўні, таму што, на ягоны погляд, затрыманне гэтага чалавека было «адвольным» і яму адмовілі ў прыняцці працэдуры прытулку.
Паводле словаў Рамана Кісляка, мужчына зараз знаходзіцца ў своеасаблівым ізалятары для людзей, якія падлягаюць дэпартацыі. Утрымлівацца там ён можа да таго моманту, пакуль не будзе выправаджаны з краіны.
Гэта можа працягвацца да месяца, але рашэнне пра дэпартацыю можна абскарджваць у судзе – і тады гэта можа расцягвацца і на некалькі месяцаў. У выпадку калі гэтая справа будзе пададзена ў міжнародныя органы, то яны ўжо прымаюць свае меры абароны, і тады чалавека няма сэнсу ўтрымліваць у ізалятары, яго выпусцяць, бо працэдура можа разглядацца ўжо ад двух да шасці гадоў.

Пытанне аб дэпартацыі ў Беларусь у дачыненні да гэтага чалавека стаіць даволі сур’ёзна, бо ў яго ўжо даўно скончыўся беларускі пашпарт, і ён не можа заехаць у іншую краіну, падкрэслівае праваабаронца.
Паводле словаў Рамана Кісляка, праблемы з разглядам заяваў на прытулак для беларусаў маюць відавочны палітычны кантэкст. Раней такія заявы маглі не разглядацца гадамі – працэдура зацягвалася без усялякіх тлумачэнняў.
Сітуацыя кардынальна змянілася перад выбарамі ў Грузіі – у жніўні і верасні 2024 года пачаліся масавыя адмовы. Пры гэтым працэс пайшоў вельмі хутка: часам паміж першым і другім інтэрв’ю не праходзіла і месяца. Заявы сталі разглядаць аператыўна – і амаль усе завяршаюцца адмоваю.
На дадзены момант ужо больш за 60 беларусаў атрымалі адмовы. Аднак пераважная большасць з іх абскарджвае гэтыя рашэнні ў судах – і, на думку праваабаронцы, абсалютна правільна робіць.
Пакуль чалавек падае скаргу, за ім захоўваецца легальны статус прасіцеля прытулку. Калі ён знаходзіцца на волі, ён можа весці нармальнае жыццё, кажа Раман Кісляк.
