Павел Усаў: Гэта састарэлыя прапагандысцкія наратывы з вуснаў новых персанажаў

На YouTube і ў сацыяльных сетках праўладны блогер Віталь Самусік запісаў зварот да беларусаў, якія жывуць як звонку, так і ўнутры краіны, з крытыкай кіраўніцтва апазіцыі 2020 года і прапанаваў сябе новым лідарам. Ён заклікаў Ціханоўскіх звярнуцца да ўладаў Беларусі з просьбай вызваліць усіх, хто трапіў за краты з-за падзей 2020 года. Відэа адметна тым, што няма ніякіх абразаў у бок апазіцыі, толькі прапановы свайго погляду на будучае Беларусі. „Радыё Рацыя“ з доктарам паліталогіі Паўлам Усавым абмеркавалі відэазварот праўладнага блогера з Беларусі Віталя Самусіка.

РР: Віталь Самусік, якому 35 гадоў, абрынуўся з крытыкай на дзейнасць кіраўніцтва апазіцыі за мяжой. Што вы на гэта скажаце?

Павел Усаў: Невядомая асоба. І без таго даволі шмат крытыкаў Офіса Ціханоўскай. Узяць таго ж так званага Віруса. Нават узяць былых палітычных зняволеных блогераў, якія рэгулярна крытыкуюць Офіс Ціханоўскай і Каардынацыйную Раду і абвінавачваюць іх у тым, што ў сістэмным плане агульна нічога не змяняецца. Сітуацыя тых людзей, якія з’ехалі з Беларусі імкліва пагаршаецца. І перспектыў не тое што вяртання, а для паляпшэння ўмоваў функцыянавання за мяжой не прадбачыцца, як і не прадбачыцца нейкіх перамен у самой Беларусі, злагоджванне сітуацыі ў самой краіне, таму такіх галасоў будзе з’яўляцца, асабліва зараз, даволі шмат.

Прайшло пяць год, адбыліся так званыя прэзідэнцкія выбары ў лютым 2025 году, узнікла шмат супярэчнасцяў у пытанні адносна легітымнасці Ціханоўскай, кім і чым яна будзе сябе называць пасля так званага сімвалічнага тэрміну пяці год, бо выбары паказалі, што Лукашэнка ўтрымлівае ўладу даволі эфектыўна, а апазіцыя на гэтым фоне нічога прапаноўваць не будзе. Таму нейкіх надзвычайных паваротаў, дыскусіяў, зменаў думак не назіраецца. Такая крытыка гучала і раней, таму засяроджваць увагу менавіта на дадзеным персанажы не бачу вялікага сэнсу.

РР: Ён заявіў, што апазіцыя за мяжой з’яўляецца “пятай калонай” у адносінах да Беларусі ўнутры краіны.

Павел Усаў: Гэта, канешне, наратывы абсалютна прапагандысцкія. Гэты чалавек чамусьці выкарыстоўвае тэрмін «апазіцыя» ў дачыненні да пратэстаў ці дзейнасці структур узніклых у 2020 годзе. Гэта людзі, якія ніколі ў апазіцыі не былі. Ні Ціханоўская, ні Бабарыка, ці Цапкала. Таму прыраўноўваць іх да нацыянальна-дэмакратычнай апазіцыі, якая існавала да 20-га году і выступала заўсёды крытычна, – гэта нонсэнс. Ну і зліваць гэтыя два паняцці таксама, на маю думку, звыклая маніпуляцыя, хаця, канешне, мы назіраем працэс палітычнай дыфузіі. Ён ужо адбыўся, калі старыя апазіцыйныя структуры актыўна ўвайшлі ў розныя палітычныя структуры, якія ўзніклі у 20-ым годзе, пасля 20-га году. Гэта і Офіс Ціханоўскай, дзе фактычна адзіная палітычная партыя, былая апазіцыйная, гэта АГП. Гэта і НАУ. Гэта і Каардынацыйная Рада, дзе прысутнічаюць розныя былы апазіцыйныя арганізацыі.

А што тычыцца такіх дэфініцый «пятая калона», звычайна «пятая калона» – гэта тыя, хто знаходзяцца ўнутры краіны, а не па-за межамі. Тэрмін, які ўвёў Франка падчас грамадзянскай вайны, ён разлічваў на тое, што людзі ўнутры сталіцы Мадрыда, якія арыентуюцца на фашысцкія ідэалогіі і рэжым, яны дапамогуць Франка перамагчы рэспубліканцаў.

Хутчэй за ўсё ёсць расейская «пятая калона» ўнутры Беларусі, унутры наменклатуры і сілавых структураў. А апазіцыя да гэтай «пятай калоны» ніяк не адносіцца. Але, канешне, для таго, каб нейкім чынам маніпуляваць грамадскай думкай унутры Беларусі, то звычайна аўтарытарныя рэжымы выкарыстоўваюць такія наратывы для дыскрэдытацыі апазіцыі, што яна падтрымліваецца Захадам, што яна нічога супольнага з тымі людзьмі, якія жывуць у краіне, не мае, што яны жывуць там на грантах, што яны праводзяць палітыку з Польшчы, Літвы, Злучаных Штатаў Амерыкі і г.д.

То бок, на маю думку, нічога новага ў кантэксце пралукашэнкаўскай прапаганды такія відэа, такія запісы, такія выказванні не нясуць. Канешне, магчыма калі з’яўляецца новы твар, нібыта не заангажаваны ў прапагандысцкую дзейнасць, ён можа нейкім чынам прыцягваюць увагу.

racyja.com