У Еўрасаюзе анансавалі новы пакет дапамогі для беларускіх СМІ і праваабаронцаў

Святлана Ціханоўская і Марта Кос. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Падчас свайго візіту ў Брусэль Святлана Ціханоўская сустрэлася з еўракамісаркай па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Мартай Кос. Па выніках сустрэчы Марта Кос анансавала новы пакет падтрымкі для Беларусі, паведамляе Офіс Святланы Ціханоўскай.

Анансаваны пакет будзе накіраваны на дапамогу:

  • незалежным журналістам; 
  • праваабаронцам;
  • актывістам грамадзянскай супольнасці.

Асобна абмяркоўвалася неабходнасць падтрымкі Беларускай службы «Радыё Свабода» і іншых незалежных медыя, якія працягваюць працаваць у выгнанні і супрацьстаяць прапагандзе рэжыму.

«Я вельмі ўдзячная нашым дыпламатычным партнёрам, якія не здаюцца разам з намі ўжо пяць гадоў. Вы ўспрымаеце Беларусь не як страчаную справу, а як надзею на перамены ў нашай краіне. Ніводная барацьба не можа быць выйграная ў адзіночку. І я ўдзячная вам за падтрымку нашай барацьбы супраць рэжыму.

Мы ўяўляем сабой альтэрнатыву «рускаму свету» і ўладзе Лукашэнкі. На гэтым шляху мы не адны. Мы з вамі, мы з усёй Еўропай. І я веру, што аднойчы мы разам адсвяткуем нашу перамогу», — заявіла Святлана Ціханоўская.

У паведамленні Офіса Святланы Ціханоўскай адмыслова адзначаецца, што

«дэмакратычныя сілы Беларусі не ўдзельнічаюць у размеркаванні гэтай дапамогі — яна ажыццяўляецца праз адкрытыя конкурсы і праграмы Еўрасаюза».

baj.media