
У Нямеччыне перакананыя, што ўлады Беларусі ўсё больш выкарыстоўваюць мігрантаў як зброю супраць іхнай краіны і Эўразьвязу ў цэлым.
Нямецкае выданьне Bild паведамляе, што мігранцкі крызіс на мяжы Беларусі з ЭЗ зноў абвастраецца, цяпер мігранцкая плынь ідзе з Лібіі.
«Крызіс на мяжы ЭЗ зь Беларусьсю. Дыктатар і паплечнік Пуціна Аляксандр Лукашэнка ўсё часьцей выкарыстоўвае ўцекачоў як зброю на ўсходняй мяжы ЭЗ. Яго мэта — дэстабілізаваць палітычную сытуацыю ў Нямеччыне. Таму на польскіх межах цяпер трывога. Апошнія некалькі дзён сталі выпрабаваньнем для Польшчы», — піша Bild.
Ціск на мяжы штодня ўзрастае, піша выданьне. У мінулы чацьвер зафіксавана 115 незаконных спробаў перасячэньня мяжы. За выходныя (зь пятніцы па нядзелю) 390 мігрантаў былі вернутыя назад. Толькі ў панядзелак 185 мігрантаў спрабавалі прарваць памежныя бар’еры. Іх спынілі і адкінулі назад, паведамляе нямецкае выданьне.
У 2025 годзе ўжо было перадухілена 20 583 спробаў незаконных мігрантаў трапіць у ЭЗ зь Беларусі.
Вонкавую мяжу ЭЗ з Беларусьсю павінны абараняць платы, бесьпілётнікі і дастатковая колькасьць пэрсаналу, піша выданьне, але менавіта гэтага і не хапае — групоўкам пастаянна ўдаецца прарывацца празь яе або ўчыняць напады, паведамляе Bild.
Выданьне піша, што памяняліся маршруты нелегальнай міграцыі. Маршрут мігрантаў ідзе цяпер праз Маскву (Расея), Доху (Катар), Стамбул (Турэччына), дадаўся Бэнгазі (Лібія). Мігранты ляцяць у Менск.
«Адтуль Лукашэнка загадвае адмыслова перавозіць іх да мяжы ў аўтобусах, з прыладамі ў багажы для нападаў на памежнікаў», — паведамляе Bild.
У цяперашні час з Турэччыны ў Беларусь штотыдзень ляціць 78 пасажырскіх самалётаў — у красавіку іх было толькі 20. Паводле зьвестак Bild, беларуская авіякампанія «Белавія» пачала рэгулярныя рэйсы зь Менску ў Бэнгазі. 18 чэрвеня гэтым маршрутам упершыню паляцеў нядаўна набыты самалёт.
«Амаль кожны чалавек у групах, якія прыбываюць на вонкавыя межы ЭЗ, размаўляе па-расейску»,— паведамілі выданьню яго крыніцы. Многія мігранты надзвычай агрэсіўныя, напады на памежнікаў пачашчаюцца. Большасьць іх — маладыя мужчыны ва ўзросьце ад 25 да 40 гадоў.
Фэдэральны міністар унутраных справаў Аляксандар Добрынт занепакоены эскаляцыяй сытуацыі на мяжы. Ён дае зразумець:
«Польшча абараняе ня толькі сваю мяжу з Беларусьсю, але і вонкавую мяжу Эўропы».
Урад у Варшаве, паводле Добрынта, робіць «выдатную працу. Польшча заслугоўвае ня толькі павагі, але і большай падтрымкі ад усёй Эўропы».
У наступны панядзелак Добрынт мае намер накіравацца на польска-беларускую мяжу для канфідэнцыйнай крызіснай сустрэчы. Bild даведаўся пра гэта з урадавых колаў у Бэрліне і Варшаве. Прэс-сакратарка міністра пацьвердзіла гэта.
