«Мова Нанова», напэўна, адзін з самых пазнавальных і вядомых праектаў, якія папулярызуюць беларускую мову. Лёгка, нязмушана, цікава. Ініцыятыве амаль 10 гадоў, узнікла яна ў Мінску, неўзабаве ахапіла дзясяткі гарадоў, ну а сёння працягвае сваё існаванне ў замежжы. Адукацыйна-асветніцкія курсы праходзяць у Літве, Грузіі і, канешне, Польшчы. «Радыё Ўнэт» пагутарыла з суарганізатаркай курсаў «Мова Нанова з Варшавы» Алесяй Каролік.
Сцісла ў размове:
- Мы звярнуліся да слухачоў курсаў дапамагчы нам фінансава, нам патрэбна была невялікая сума, каб закрыць некаторыя нашыя патрэбы. І гэтую суму–1500 злотых – мы сабралі літаральна за суткі. Падтрымалі нас вядомыя людзі, у тым ліку і Святлана Ціханоўская. Мы дзякуем усім, хто далучыўся да дапамогі нам.
- «Мова нанова ў замежжы» сёння працуе ў Польшчы: Варшава, Труймяста, Быдгашч, Вроцлаў і Беласток. У Вільні засталіся курсы для дзетак, праект для дарослых пакуль паставілі на паўзу. Дадаліся курсы ў Тбілісі, і хутка будзе яшчэ адна краіна, сачыце за анонсамі.
- У Варшаве зараз мы існуем у фармаце размоўнага клуба, але паўнавартасныя курсы былі цэлы год, зараз падумваем аб іх аднаўленні. Варта сказаць, што ў сталіцы Польшчы зараз шмат іншых актыўнасцей беларусаў, у тым ліку моўных ініцыятыў, лекцый, таму недахопу ў камунікацыі на беларуская мове няма.
- Для нас важна даць людзям правілы беларускай мовы, бо многія баяцца размаўляць з памылкамі. І ёсць у нас яшчэ асветніцкая частка, дзе мы расказваем пра гурты, паэтаў, паказваем паспяховыя прыклады людзей, якія перайшлі на беларускую мову.
- Прысутнасць беларускай мовы ў Інтэрнэце расце, з’явілася шмат розных цікавых праектаў, нават моўных. Я вельмі рада, што беларусы пачалі актыўна выкарыстоўваць мову ў паўсядзённым жыцці і прасоўваюць яе ў сучасным фармаце.
- Першы крок, каб размаўляць па-беларуску, – знайсці з кім размаўляць. Пасля пачаць думаць па-беларуску. Галоўнае, не баяцца трасянкі, не баяцца памылак.
Поўную гутарку з Алесяй Каролік слухайце ў плэеры ніжэй.