
У затрыманага ў Грузіі беларуса прынялі дакументы на міжнародную абарону. Пра тое, што адбываецца з хлопцам распавядае праваабаронца Раман Кісляк.
– На наступны дзень пасля затрымання, 15 ліпеня, у аўторак, усё ж такі ў яго прынялі заяву на міжнародную абарону. У сераду ўжо было першае інтэрв’ю. І такое адчуванне, што яны хочуць вельмі хутка разглядзець яго справу, літаральна за некалькі дзён. Разглядзець і адмовіць. Спадзяемся на лепшае, але раглядаем і горшы варыянт, бо ўсім адмаўляюць.
Па словах Рамана Кісляка, хлопцу наўрад ці дадуць міжнародную абарону і яму прыйдзецца чакаць дэпартацыі:
– Калі адмовяць у міжнароднай абароне, тады пачнецца працэс дэпартацыі. Ён таксама не аднамаментны, бо мусіць адбыцца судовы працэс, гэта дзве інстанцыі. Гэта не будзе так, што адмовілі і ў той самы дзень яго павінны дэпартаваць. Таму будзе яшчэ час паспрачацца ў судовых інстанцыях.
Раману Кісляку ўлады Грузіі адмовілі ў міжнароднай абароне і цяпер ён таксама чакае дэпартацыі з гэтай каўказскай краіны.
