Віртуальная рэканструкцыя Волпаўскай сінагогі з’явілася ў сталай экспазіцыі Музея мастацтва і гісторыі юдаізму (MAHJ) у Парыжы. Праект, створаны Цэнтрам беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны, стаў адным з першых прыкладаў мультымедыйнай прэзентацыі беларуска-яўрэйскай спадчыны на міжнароднай музейнай пляцоўцы.
Волпаўская сінагога лічыцца адной з самых прыгожых драўляных сінагог у гісторыі Еўропы. Унікальны будынак, які знаходзіўся на тэрыторыі сучаснай Беларусі, быў цалкам знішчаны падчас Другой сусветнай вайны. Цяпер дзякуючы інтэграцыі архіўных крыніц, гістарычнага аналізу і найноўшых 3D-тэхналогій, каманда Цэнтра беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны стварыла віртуальную мадэль сінагогі з максімальнай гістарычнай дакладнасцю.
— Усё пачалося з маёй рэзідэнцыі ў Парыжы, у гэтым самым музеі, вясной 2022 года, — расказала прадзюсарка праекта Майя Кацнэльсон. — Ужо тады мы распрацоўвалі канцэпцыю мультымедыйнай экспазіцыі Belarus Shtetl, у аснове якой былі VR-рэканструкцыі розных беларускіх сінагог. Таму, калі я ўбачыла ў экспазіцыі MAHJ драўляную мадэль Волпаўскай сінагогі, зробленую студэнтамі ОРТ у 1950-х, узнікла ідэя партнёрства.

Праект, куратарам якога стаў Грыгорый Хейфіц, выконваўся больш за год з поўнай ручной адмалёўкай і гістарычным рэсёрчам музейнага ўзроўню.
— Мы даследавалі архіўныя матэрыялы, стваралі ручныя адмалёўкі, мадэлявалі кожную дэталь. У выніку атрымалася сапраўды музейная праца, якая ўвайшла ў сталую экспазіцыю ў Парыжы. І важна, што цяпер мадэль сінагогі стаіць у цэнтры залы, а не збоку, як было раней, а разам з ёй цяпер экран з нашай відэаінсталяцыяй. З восені да экрана яшчэ дададуць VR-акуляры, каб наведвальнік мог атрымаць аўнавартасны досвед пагружэння ў прастору Волпы, — падкрэсліла прадзюсарка.
Падчас свайго візіта ў Парыж каманда Цэнтра таксама прэзентавала праект на канферэнцыі еўрапейскіх яўрэйскіх музеяў у Парыжы. Там ідэі беларусаў выклікалі вялікую цікавасць міжнароднай музейнай супольнасці.
— Гэта паказвае, што мы працуем на ўзроўні і нават наперадзе многіх музейных практык. І самае галоўнае — гэта падкрэслівае значнасць Беларусі і беларуска-яўрэйскай спадчыны ў еўрапейскай гісторыі, — дадала Майя.

VR-тур Волпаўскай сінагогі таксама даступны на сайце Цэнтра беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны. Ён з’яўляецца часткай шырокай ініцыятывы Belarus Shtetl па стварэнні віртуальнага музея беларуска-яўрэйскай спадчыны, адкрытага для свету.
