«Не сёння, не ўчора, не заўтра» – новае медыя пра ўразлівыя групы для дапамогі ў цяжкіх сітуацыях. Размова з аўтаркай

У беларускай супольнасці з’явілася новае медыя  «Не сёння, не ўчора, не заўтра». Заснавальнікі рэсурсу прэзентуюць яго як праект, прысвечаны правам чалавека, уразлівым групам людзей, інклюзіі, гендарным пытанням ды іншым вострым тэмам. Якой бачыцца канцэпцыя выдання і асноўныя напрамкі працы «Радыё Ўнэт» абмеркавала з сузаснавальніцай праекта Мартай.

Сцісла:

  • Канцэпцыя такая, што пасля 20-га года пачалася аблава на НДА, на сацыяльны сектар, ён вельмі моцна пацярпеў і многія праекты закрыліся. І пэўным групам людзей, пэўным праблемам стала надавацца менш увагі. І гэтыя ж праблемы перанесліся і ў эміграцыю – тыя ж уразлівыя групы, людзі ў цяжкім становішчы – гэта нікуды не знікла. Але амаль не засталося медыя, якія б пра гэта пісалі – мелі накірунак такі сацыяльны. Таму я падумала, што было б вельмі файна, каб быў такі рэсурс, які быў бы прысвечаны нейкім такім жыццёвым тэмам і рэальным праблемам, з якімі людзі сустракаюцца.
  • Мы пачалі з рубрыкі «эміграцыя», бо яна тычыцца нас усіх. Гендар – гэта праблемы таго ж хатняга гвалту, які таксама нікуды не падзеўся. Нават у эміграцыі яшчэ пагоршылася (сітуацыя), бо, калі людзі пераязджаюць, яны часта сутыкаюцца з тым, што яны не могуць раз’ехацца. Нават, калі нешта адбываецца кепскае, калі ёсць хатні гвалт, людзі ў чужой краіне – у іх няма мамы, таты, сяброў, куды проста пайсці. І гэта больш абвастрае праблемы.
  • Псіхалагічныя праблемы сустракаюцца ў кожнага другога чалавека, які выехаў вось так экстранна – хтосьці праз рэпрэсіі, хтосьці праз вайну, хтосьці сутыкнуўся з гвалтам ад сілавікоў. Важна пісаць пра людзей, якія не адразу выехалі з Украіны – нехта там валантэрыў, нехта яшчэ нешта рабіў. І добра было б, каб гэтыя людзі ведалі, куды можна звярнуцца. Каб яны не проста прачыталі артыкул, тыпу «ну так, добра, я таксама так сябе адчуваю». Таму ў нас ідэя, што пасля нейкай серыі артыкулаў даваць нешта больш такое практычнае – інтэрв’ю з цэнтрамі, якія працуюць з той ці іншай праблемай, інтэрв’ю з псіхолагамі, нават з псіхіятарамі.
  • Я вельмі хачу працаваць для беларусаў, якія ўнутры краіны. Але тут пытанне, наколькі людзі будуць гатовыя ісці і распавядаць свае гісторыі. Хаця, наша выданне як бы не палітычнае, але гэта ўсё ўзаемазвязана і людзі могуць баяцца. Я вельмі буду спрабаваць нешта рабіць, разумею, што гэта будуць стоадсоткава ананімныя інтэрв’ю. Але ёсць пытанне, як дапамагчы часам гэтым людзям. У Варшаве я магу часам даць параду, што ёсць нейкія цэнтры, нейкія эксперты, а ў Беларусі часам гэта амаль нейкі тупік, бо ўлада закрыла ўсе НДА, усе цэнтры дапамогі.
  • Што тычыцца дыскрымінацыі, то я магу сказаць, што нават у дэмакратычных краінах, дзе мы зараз знаходзімся, існуе праблема з парушэннем правоў чалавека ў сферы працы. Калі ёсць несумленныя працадаўцы, якія выкарыстоўваюць вось гэтую сітуацыю, што людзі гатовыя брацца за любую працу, і проста спекулююць гэтым.
  • Нас у камандзе пакуль тры чалавекі, няма нейкага сталага фінансавання. Праект заіснаваў, дзякуючы нашым сябрам, якія нешта заданацілі, падтрымалі. Пакуль мы знаходзімся ў пошуках. Але ў мяне ёсць база людзей, з якімі я калісьці кантактавала, якія працягваюць дзейнасць, нейкіх цэнтраў.
  • Зараз у нас ёсць пэўная патрэба ў валантэрах, бо нашага рэсурсу проста не хапае. Было б вельмі файна, калі б былі людзі, якія маглі б у свой вольны час нечым дапамагаць. Як з намі звязацца – напісана на сайце – указана e-mail, тэлеграм-канал. Я разумею, што пакуль мы толькі запусціліся, чакаць нейкіх данатаў – маларэалістычна, але зараз мы крыху ўстанем на ногі і запусцім Рatreon, бо мы б хацелі рабіць нейкую прадукцыю, каб людзі маглі падпісвацца і атрымліваць нешта прыемнае.
  • Я заклікаю падпісвацца на наш тэлеграм-канал і сачыць за навінамі! 

Цалкам размову з Мартай слухайце ў плэеры ніжэй:

radiounet.fm