Па “справе Гаюна” толькі ў Брэсце затрымалі 50 чалавек — Стрыжак

“Беларускі Гаюн” / Telegram

У Брэсцкім СІЗА ў траўні было да 50 чалавек, затрыманых па “справе Беларускага Гаюна”. Пра гэта паведаміў у сацсетках заснавальнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак.

“Агульная колькасць арыштантаў СІЗА — да 280 чалавек, з якіх каля 60-70% гэта палітычныя. Па нашых дадзеных, тэрмін утрымання за кратамі фігурантам “справы Гаюна” працягваецца праз складанасць справы”, — напісаў Стрыжак.

Таксама ён дадаў, што ў мясцовае СІЗА рэгулярна прывозяць людзей, затрыманых на беларуска-польскай мяжы, “што негледзячы на папярэджанні, едуць у Беларусь, маючы пратэстны бэкграўнд”.

Раней праваабаронцы “Вясны” паведамлялі пра 26 пацверджаных фігурантаў “справы Гаюна”. Па гэтай справе прайшло як мінімум ужо шэсць судоў.

“Беларускі Гаюн” — маніторынгавы праект, які адсочваў вайсковую актыўнасць на тэрыторыі Беларусі. Рэжым Лукашэнкі прызнаў яго “экстрэмісцкім”. У лютым 2025-га сілавікі атрымалі доступ да персанальных звестак людзей, якія перадавалі інфармацыю ў чат “Беларускага Гаюна”. Пасля гэтага кіраўнік праекта Антон Матолька абвясціў пра яго закрыццё. Цягам некалькіх месяцаў праваабаронцы паведамляюць пра затрыманні па гэтай справе.

euroradio.fm