Дэлегацыя польскага Сейму абмеркавала ў ЗША вызваленне Анджэя Пачобута

Дэлегацыя польскага Сейму падчас візіту ў Злучаныя Штаты Амерыкі закранула пытанне вызвалення палітзняволенага журналіста Анджэя Пачобута.

Польскі бок падкрэсліў, што чакае засяроджвання ўвагі «як на Анджэю Пачобуце, так і на іншых палітвязнях, якія асабліва хвалююць Польшчу».

«Тут, я думаю, таксама няма асаблівых ілюзіяў адносна ролі Лукашэнкі. Акрамя таго, мы таксама растлумачылі нашым суразмоўцам, што Беларусь складана разглядаць нават як асобную адзінку. Гэта фактычна марыянетачная дзяржава, якая сёння ў значнай ступені кіруецца з Крамлю», – сказаў прадстаўнік дэлегацыі Радослаў Фогель.

У другой палове чэрвеня спецыяльны пасланнік ЗША па Украіне генерал Кіт Келаг паведаміў, што дэлегацыя ЗША сустрэлася з Аляксандрам Лукашэнкам і яго камандай. Келаг дадаў, што яго калега Джон Коўл вёў перамовы аб двухбаковых стасунках паміж ЗША і Беларуссю, і гэтыя перамовы прывялі да вызвалення 14 палітычных зняволеных з шасці краін, уключаючы Японію і Польшчу.

Прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнка паведаміла, што па просьбе прэзідэнта ЗША Лукашэнка дазволіў вызваліць 14 зняволеных, у тым ліку Сяргея Ціханоўскага. Міністэрства замежных спраў Польшчы паведаміла, што сярод вызваленых палітвязняў ёсць трое грамадзянаў Польшчы. Міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі тады паабяцаў, што Польшча будзе працягваць дамагацца вызвалення астатніх палітвязняў, у тым ліку – Анджэя Пачобута.

Журналіст Анджэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года. Ён быў асуджаны да 8 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за «распальванне варожасці»  і «заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь». Адбывае зняволенне ў папраўчай калоніі №1 у Наваполацку.

racyja.com