
Падчас адкрытага пасяджэння Каардынацыйнай Рады прайшлі слуханні кандыдаткі на пасаду прадстаўніцы па эканоміцы і фінансах Аб’яднанага Пераходнага Кабінета — Алісы Рыжычэнкі. Яе вылучылі каманда Паўла Латушкі, Рух «За Свабоду» і платформа «Еўрапейскі выбар».
У выступе Рыжычэнка адзначыла, што мае як прафесійны, так і практычны досвед у спробах рэфармавання сістэмы кіравання дзяржаўнай маёмасцю ў Беларусі:
–Чыноўнікі з Адміністрацыі казалі, што гэта ўсё цудоўна, вашыя рэформы будуць працаваць, але яны нам не патрэбныя. І не парэбныя яны таму, што на кожным роўні гэтага кіравання ёсць карупцыйныя схемы, калі чыноўнікі набіваюць свае кішэні. І менавіта тады я зразумела, што мой шлях не ў сістэме Лукашэнкі.
Рыжычэнка таксама прадставіла сваю праграму як кандыдаткі на пасаду прадстаўніцы, у якой асобнае месца займае садзейнічанне развіццю беларускага бізнесу ў выгнанні:
-Важныя ўсе крокі, якія робяцца абсалютна ўсімі ініцыятывамі Беларусі: як Кабінетам, НАУ, Асацыяцыяй беларускага бізнесу за мяжой, так і асобнымі ініцыятывамі. Каб бізнес, які гатовы развівацца за мяжой, меў такія ж умовы, як і еўрапейскі бізнес.
Удзельнікі пасяджэння выказалі зацікаўленасць і задалі шэраг пытанняў, датычных як праграмы дзеянняў, так і магчымасцяў рэалізацыі прапанаваных рэформ ва ўмовах пераходнага перыяду. Галасаванне па кандыдатуры чакаецца ў бліжэйшыя дні.
