Беласток заўсёды называлі «беларускім» горадам. І не толькі таму, што на тэрыторыі Падляшша пражывае шмат этнічных беларусаў і дагэтуль жыве гаворка «по-своему», але і з-за гандлёва-турыстычных сувязяў — «з’ездзіць на закупы» з Гродна (усяго толькі 85 км) было нармальнай практыкай. Пасля 2020 года колькасць беларусаў, што пераехалі сюды на часовае ці сталае пражыванне, моцна вырасла. У адпаведнасці з патрэбамі расце і колькасць актыўнасцяў: у горадзе дзейнічае некалькі фундацый і штодзень адбываюцца беларускія мерапрыемствы. Але дзе менавіта і як іх шукаць? Расказваем у нашым гайдзе.
Беласток у анлайне
Бяспройгрышны спосаб даведацца самыя актуальныя навіны і апошнюю інфармацыю — чат у тэлеграме Беласток | Білосток | Белосток. Тут 5,5 тысяч удзельнікаў, і канал разбіты на тэматычныя галінкі — ад агульнай тэмы да дэтальных, датычна абмеркаванняў легалізацыі, працы, медыцыны, спорту і г. д. Менавіта сюды большасць арганізацый і ініцыятыў скідваюць свае анонсы і абвесткі пра мерапрыемствы. Праўда, паведамленняў вельмі-вельмі шмат, каб не прапусціць нешта важнае, варта правяраць замацаваныя паведамленні.
У фэйсбуку таксама ёсць некалькі падобных суполак, з найбуйнейшых — гэта Белосток | Беласток | Białystok і Наш Белосток (таксама прыватная, 10,7 тыс. удзельнікаў). Але ў іх збольшага абмяркоўваюцца паўсядзённа важныя тэмы і абвесткі прыкладнога характару.
M*ST Media — малады анлайн-праект, які спрабуе стаць агульнагарадскім медыя. Акрамя непасрэдна артыкулаў забаўляльна-інфарматыўнага характару на рускай і беларускай мовах, журналісты рыхтуюць падрабязныя гайды пра ўсё на свеце: як і дзе здаць на правы, як аформіць дакументы, што рабіць у розных сітуацыях і таму падобнае. Гэтаксама на сайце ёсць актуальная афіша і штотыдзень выходзіць падборка мерапрыемстваў на выхадныя.
Радыё Р*ц*я — адно з найстарэйшых беларускіх СМІ ў горадзе, распавядае ці не пра ўсе мерапрыемствы, якія тут адбываюцца. Прычым, што немалаважна, аднолькава як пра беларускія, так і пра беларуска-польскія імпрэзы. Асноўны фармат вяшчання — радыёэфір, а вось рэпартажы з падзей і імпрэз з’яўляюцца на сайце ўжо пасля падзей.
Фундацыі і дапамога
У сувязі з вялікай хваляй міграцыі ў горадзе дзейнічае некалькі фундацый, мэта якіх — не толькі арганізацыя вольнага часу, але і юрыдычна-прававая і кансультацыйная дапамога.
Фонд Polza прапануе дапамогу ў інтэграцыі і адаптацыі. Ствараюць нямала актыўнасцяў: курсы польскай мовы, заняткі ёгі і зубмы, юрыдычныя і псіхалагічныя кансультацыі і да таго падобнае. Сачыць за абвесткамі можна ў інстаграме.
Фундацыя «Okno na wshód» мае адмысловы Цэнтр падтрымкі іншаземцаў. Сюды можна звярнуцца па пытаннях дакументаў, легалізацыі і працы. Гэтаксама ў межах фонду існуе «Клуб жанчын», галоўнымі мэтамі якога пазначаны падтрымка, інтэграцыя, самаразвіццё і ўзаемадапамога.
Фонд TUTAKA — арганізуе музычна-культурныя мерапрыемствы. Фэст «Бардаўскае лета», фэст Абуджаных «Тutaka», дэкламатарскі конкурс да Дня роднай мовы, спеўныя сходы і канцэрты… Сачыць за анонсамі можна ў інстаграме і ў фэйсбуку.
Мерапрыемствы: дзе шукаць?
Акцыі салідарнасці, мітынгі, напісанне лістоў палітвязням і іншыя грамадска-палітычныя падзеі ладзіць Беларуская дыяспара Беластока. Месцы сустрэчаў звычайна пазначаюцца ў анонсах.
M*diaM*st (ul. Sienkiewicza, 44) — галоўным чынам офіс рэдакцыі выдання M*st, а таксама каворкінг для журналістаў. Тут сустракаюцца пісаць лісты палітвязням або на сустрэчы з прадстаўнікамі медыясферы, уладаў, культуры і таму падобнае.
Беларускі хаб «Новая зямля» (ul. Wyczyńskiego, 6A) — знаходзіцца непадалёк ад вакзала, блізка да цэнтра горада. Адносна новае месца (https://budzma.me/news/belarusy-belastoka-adkryli-novuyu-zyamlyu-.html), якое за нядоўгі час паспела аб’яднаць гарадскія ініцыятывы — імпрэзы тут ладзяцца штодзень, нават па некалькі на дзень. Тут і заняткі «МоваНанова», і народныя танцы, і кінапрагляды, і разнастайныя актыўнасці для дзяцей і дарослых, і канцэрты, і нават спектаклі!
Сачыць за навінамі можна ў FB ці тэлеграм.
Beer4U (ul. Legionowa, 14/16) — «беларускі» бар, куды многія прыходзяць, каб паразмаўляць і знайсці новых знаёмых. Кожную сераду тут ладзіць бясплатныя лекцыі Гістарычны клуб Beer&History (https://t.me/Beer_History_bel), які таксама арганізуе экскурсіі па горадзе (https://www.instagram.com/bielaruskija_vandrouki/). З нядаўняга часу тут жа праходзіць барная віктарына «Мозгобойня» (https://www.instagram.com/mzgb_bls/) і іншыя мерапрыемствы, ад стэндапа да літаратурных прэзентацый і кінапраглядаў.
Centrum Aktywności Społecznej (ul. Sw. Rocha, 3) — гэта не зусім беларуская пляцоўка, а хутчэй агульнагарадская. Але менавіта тут ладзіцца вялікая колькасць мерапрыемстваў ад беларускіх фундацый: і клубы настольных гульняў, і групы падтрымкі, і моўныя курсы. Нейкай адной старонкі, дзе былі б усе анонсы, няма. Таму за абвесткамі трэба сачыць канкрэтна ў ініцыятыў і арганізатараў.
Bar Grodno (ul. Sienkiewicza, 28) — вельмі папулярнае месца сярод аматараў барных віктарын. Менавіта тут праходзіць вядомы «Ньютон Квиз», а таксама віктарына «VSпомнить VSё», якая «пераехала» з Гродна.
Дар’я Палынская, budzma.org,
фота аўтаркі, акрамя пазначаных