
28 ліпеня ў сядзібе „Беларускага Радыё Рацыя“ ў Беластоку адбылася сустрэча з дэпутаткай Сейму Польшчы і сябрай парламенцкай Камісіі па нацыянальных і этнічных меншасцях Аліцыяй Лапкоўскай-Голась.
Падчас сустрэчы дэпутатка распавяла пра магчымасць удзелу дзяцей-грамадзян Беларусі ў занятках беларускай мовы, што арганізуюцца для нацыянальнай меншасці ў дзяржаўных школах Польшчы:
– Міністэрства спасылаецца на мясцовыя ўлады, а мясцовыя ўлады на міністэрства. Я лічу, што трэба арганізаваць супольную размову на гэтую тэму, каб вырашыць, як развязаць гэтую праблему. Усім нам, і грамадзянам Польшчы, і тым асобам з Беларусі, якія прыехалі да нас, трэба шукаць сваё месца на зямлі. Трэба ініцыяваць размову ў міністэрстве.
Асобна дэпутатка пракаментавала становішча беларускамоўных ліцэяў у Бельску-Падляшскім і Гайнаўцы, дзе апошнім часам назіраецца змяншэнне колькасці вучняў і праблемы з рэалізацыяй поўнай праграмы навучання на беларускай мове:
– Размовы працягваюцца. Ведаем, што ў гэты час трывае эксперымент у ліцэі ў Гайнаўцы, каб беларуская мова была мовай абавязковай. Маю надзею, што з гэтай размовай трапім да Міністэрства адукацыі. Бо сённяшняя сітуацыя можа прывесці да таго, што такі ліцэй знікне з мапы.
Дэпутатка таксама выказала гатоўнасць лабіраваць усе звароты і ініцыятывы, якія тычацца беларускай меншасці Падляшша, у тым ліку па лініі адукацыі, культуры і фінансавання. Аліцыя Лапкоўска-Голась адкрыта для кантакту: звяртацца да яе можна праз пункт дэпутацкага прыёму на вуліцы Мальмеда ў Беластоку, а таксама праз сацыяльныя сеткі.
