IBU пакуль не дапусціць спартоўцаў Расеі і Беларусі

У Міжнародным саюзе біятланістаў (IBU)паведамілі, што да поўнага ўрэгулявання канфлікту ва Украіне не бачаць магчымасці допуску да міжнародных спаборніцтваў расейскіх і беларускіх спартсменаў.
Зборныя Беларусі і Расеі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў з 2022 года. Раней у міжнароднай федэрацыі заяўлялі, што тэарэтычна могуць дапусціць расейцаў і беларусаў на зімовую Алімпіяду 2026 года, якая пройдзе ў італьянскіх Мілане і Карціна д’Ампеца па спецыяльных запрашэннях, але пакуль што афіцыйная пазіцыя не памянялася.

«Як ужо паведамлялася шмат разоў, рашэнне аб адхіленні расейскіх і беларускіх біятланістаў будзе працягвацца да таго часу, пакуль абедзве нацыянальныя федэрацыі не прадэманструюць поўную прыхільнасць падтрымцы і прасоўванні мэтаў і прынцыпаў IBU.

У арганізацыі не бачаць магчымасці для допуску спартсменаў дзвюх краін аж да поўнага ўрэгулявання канфлікту ва Украіне. Па сітуацыі на бягучы момант гэта тычыцца Кубка свету і Алімпійскіх гульняў», — адзначылі ў Міжнародным саюзе біятланістаў.

Раней паведамлялася, што Міжнародны алімпійскі камітэт пакуль што не прыняў канчатковага рашэння адносна ўдзелу атлетаў з Расеі і Беларусі ў зімовых Алімпійскіх гульнях 2026 года, але нібыта схіляецца да аналагічнага падыходу, які быў прыменены для Алімпійскіх гульняў у Парыжы ў 2024 годзе — выступленні спартсменаў у нейтральным статусе і пасля строгай праверкі на сувязі з рэжымамі Пуціна і Лукашэнкі. Зрэшты, і тады шмат залежала ад пазіцыі міжнародных федэрацый — лёгкаатлеты абедзвюх краін, напрыклад, дапушчаныя не былі ні пры якіх умовах.

Юрась Дзяшук, racyja.com