
Цяпер Ганна жыве ў Беластоку, працуе ў тыднёвіку «Ніва», а нарадзілася ў вёсцы Катлоўка Гайнаўскага павета. Вучылася ў беларускім ліцэі ў Гайнаўцы. У 1991 скончыла Варшаўскі ўніверсітэт. Тэма магістарскай дысертацыі: «Этыка і эстэтыка ў паэзіі Наталлі Арсенневай».
Ганна Кандрацюк апублікавала ў “Ніве” сотні літаратурных рэпартажаў з Падляшша, Беларусі, Украіны, Латвіі, Літвы, Малдовы, Славакіі, Канады, Вялікабрытанні, Грузіі, Італіі.
Таксама, у прыватнасці, яна – аўтар кніжкі пра забытага музыканта з Сакольшчыны Яна Тарасевіча. У 2007 годзе выйшаў яе зборнік апавяданняў „Царская трызна”.
У 2023 годзе пісьменніца перамагла ў літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца. Яна таксама лаўрэат прэміі імя Алеся Адамовіча.
Піша на беларускай і польскай мовах. Ганна Кандрацюк – аўтарка кніг пра забытага кампазітара і піаніста з Саколкі Яна Тарасевіча — “W stronę Tarasiewicza” (2002 год, другое выданне – 2004 год), зборніка апавяданняў “Царская трызна” (2007 год), «Дзядоўскае турнэ з Анатолем С.» (2010 год), кнігі на польскай мове “Białoruś. Miłość i marazm”. У 2017 годзе выйшла кніга “Па Прыпяці па Нобель”. У 2023 годзе за кнігу “У прысценку старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы” атрымала беларускую літаратурную прэмію імя Гедройця.
У 2025 годзе выйшла кніга “Проста з любові” (сем партрэтаў незвычайных асобаў: Кастуся Каліноўскага, Ежы Папялушкі, святой Марыі (Петручук), Алеся Пушкіна, Юркі Гіля, Надзеі Артымовіч, Юры Гумянюка).
У 2006 выйшаў аўтарскі кампакт-дыск «Журылася Катэрына», у які ўвайшлі 13 старадаўніх песень з ейнай роднай хаты і наваколля. Песні Ганны Кандрацюк ужытыя як музычная ілюстрацыя ў фільмах Яна і Бажэны Валенцікаў пра Белавежскую пушчу.
Згуртаванне беларусаў свету „Бацькаўшчына“ далучаецца да віншаванняў і зычыць шаноўнай юбілярцы моцнага здароўя, нязгаснага натхнення і скарэння новых творчых вяршыняў!
