Аўтарам зафарбаванай фрэскі ў Солах «Цуд над Віслай» аказаўся Пётра Сергіевіч

Фрэска “Цуд над Віслай” да зафарбоўвання. Фота: katolik.life

Вядомы беларускі жывапісец Пётра Сергіевіч – аўтар роспісу «Цуд над Віслай» у касцёле мястэчка Солы. Згадкі пра гэта сустракаліся і раней, аднак цяпер з’явіліся доказы, піша Reform.by.

Краязнаўца Кастусь Шыталь выклаў у Фэйсбуку нумар «Przeglądа Wileńskiego» (Nr. 15, 29.09.1934), у якім выйшла нататка, падпісаная псеўданімам «Przejezdny».

Аўтар піша пра адкрыццё касцёла і апісвае роспісы:

«Я не спецыяліст у жывапісу. Мне цяжка меркаваць пра вартасць выкананага твору, аднак я даведаўся, што яго аглядалі спецыялісты і пацвердзілі высокі мастацкі ўзровень.

Таксама даведаўся пра прозвішча мастака. Творца паліхроміі – малады мастак Пётр Сергіевіч, які нядаўна завяршыў вучобу на аддзяленні пластычных мастацтваў ў роднай Вільні».

«Przejezdny» таксама звяртае ўвагу на тое, што газета «Dziennik Wileński», змясціўшы вялікі артыкул з урачыстасці, пералічыла імёны нават гаспадыняў, якія рыхтавалі прыём гасцей на ўрачыстасці — але абыйшла маўчаннем імя мастака. Таксама быццам бы яго не ўзгадалі ані словам падчас прамоваў у часе святкавання на плябаніі.

«Напэўна таму, — піша аўтар артыкула, — што той жывапісец лічыць сябе беларусам? Ці, можа, не хацелі кампраментаваць мастака, які на замову піша батальныя сцэны ў вясковым касцёліку».

Фота: vk.com / Litwiny

Пётра Сергіевіч (1900-1984) — беларускі нацыянальны класік ХХ стагоддзя, актыўны дзеяч беларускага адраджэння ў 1930-я гады. Ён атрымаў мастацкую адукацыю ў Віленскім мастацкім універсітэце імя Стэфана Баторыя (сярод настаўнікаў – Фердынанд Рушчыц, які быў кіраўніком мастацкага адзялення) і Кракаўскай мастацкай акадэміі, якую не скончыў з-за фінансавых прычын. Усё свядомае ён жыццё пражыў у Вільні, ствараў карціны на гістарычныя тэмы (напрыклад, пра князя Усяслава, Скарыну, Кастуся Каліноўскага), пісаў партрэты нацыянальных дзеячоў, займаўся манументальным жывапісам. Захавалася яго два вялікія сценапісныя цыклы на Гродзеншчыне з 1930-х гадоў, адзін з іх у касёле ў Солах (другі – у Жодзішках, дзе мастак распісаў дзве капліцы і стварыў вялікае станковае палатно). У той час, ды ўласна і цягам усёй яго творчасці, мастака хвалявалі пошукі беларускага стылю жывапісу. Ён якраз закончыў універсітэт, здзейсніў двухтыднёвую паездку ў Італію і пачаў вучыцца ў Кракаўскай акадэміі мастацтваў. Пазнаёміўся з дзеячамі беларускага нацыянальнага руху, у які так шмат уклаў, ствараючы гістарычныя і партрэтныя вобразы, рэдагуючы і афармляючы перыядычныя выданні.

1930-я – рамантычны перыяд творчасці Сергіевіча, ён шмат разважаў пра мастацтва і пісаў, што пластычная форма з’явіцца тады, калі мастак адшукае крыніцу ўзбагачэння сваёй душы. Толькі майстэрскай рукі для гэтага недастаткова. За прыклад браў сярэднявечных майстроў, для якіх праца была вынікам адпаведна настроенай душы.

Будаўніцтва касцёла ў Солах было завершана ў 1934 годзе. Ён цалкам распісаны рэлігійнымі сцэнамі, аўтарства Сергіевіча. Жывапіс рамантычны па духу, пабудаваны на кантрасце колераў, а групы людзей з’ядныя між сабой прыемамі кантрастнага супрацьпастаўлення – усхваляванасці і спакою, фізічнай моцы і духоўнай узвышанасці. У краявідах адчуваецца ўплыў Рушчыца. Тыя ж прыёмы ёсць і ў батальнай сцэне «Цуду над Віслай», дзе ёсць і дынаміка і кантраст, стылістычна кампазіцыя падобна да астатніх роспісаў касёла.

«Цуд над Віслай», безумоўна, кампраментаваў мастака, згадкі пра роспіс ніколі не з’яўляўся ў яго біяграфіі, хадзілі толькі чуткі ў мастацкім асяродку. Сергіевіча ў савецкі перыяд кампраментавала многае: і прыналежнасць да адраджэнскага руху, і выстава ў 1943 годзе ў Вільні, і роспісы касцёлаў. Таму ён быў прызнаны ў Літве (заслужаны дзеяч мастацтва Літвы), а персанальная выстава ў Мінску адбылася толькі ў 1962 годзе — у Дзяржаўным мастацкім музеі па рэкамендацыі Міністэрства культуры Літвы. Хоць у Мінск ён сам не захацеў пераехаць, памёр у Вільні ў лістападзе 1984 года і пахаваны на віленскіх вайсковых могілках.

З 600 вядомых твораў Сергіевіча ў Беларусі захоўваецца каля 70, у тым ліку і ў прыватных зборах.

Нагадаем, што роспіс «Цуд над Віслай» аўтара ў Солах нядаўна быў зафарбаваны па паклёпу прапагандыстаў.

Reform.by