Ад 9 лютага ў познаньскай кавярні «Мы», якую стварылі дзве беларускі, працуе выстава «Вырай». Дакументальны погляд на Беларусь па-за часам і падзеямi прапануе Юлія Шатун − фатографка, сцэнарыстка і рэжысёрка. У 2017 годзе яе фільм «Заўтра» перамог у Нацыянальным конкрусе кінфестывалю «Лістапад». Стужку паказвалі на вялікіх экранах у Марсэлі і Брусэлі. Пасля гэтага Юлія зняла яшчэ некалькі фільмаў і прызнаецца, што ёсць ідэі і для новых сюжэтаў.
Пра кадры на фота і відэа, жыццё ў Познані і сум па Беларусі з мастачкай паразмаўляла «Радыё Ўнэт».
− У Познані я апынулася пасля пачатку вайны ва Украіне. У цэлым я працягваю займацца тым, чым займалася − рэчамі, звязанымі з мастацтвамі. Ці застаюся я беларускай аўтаркай? Я працую з рэальнасцю і тым, што адбываецца зараз. Калі буду здымаць фільм у Польшчы, то мне прыйдзецца ствараць нейкі сюжэт, які будзе адбывацца тут, у замежжы. Але я працягваю працаваць, думаючы пра Беларусь. Мяне шмат што звязвае з домам.
− Усе мае фільмы былі вельмі розныя, мне цяжка сказаць, які з іх лепшы. Але самым паспяховым была стужка «Заўтра». Не пагаджуся з вамі, што там ёсць безвыходнасць. У фільме хутчэй шмат меланхоліі. Ён пра людзей, якія жывуць сваім спакойным жыццём. Магчыма, там ёсць сум. Але сум цікавы і прыгожы. Такая экзістэнцыя…
− Юля, што думаеце пра стварэнне Беларускай незалежнай кінаакадэміі?
− Я буду, напэўна, яе чальцом. Ужо запоўніла ўсе дакументы, што мне даслалі. Гэта крута, што будуць дапамагаць беларусам, якія займаюцца кіно.
− На выставе ў Познані зараз можна ўбачыць вашыя фота, частка з якіх атрымала iPhone Photography Awards 2022. Што гэта за ўзнагарода?
− Яна была хутчэй сімвалічная. За мае серыі работ, зробленыя на Камароўскім рынку, мне даслалі два вельмі маленькія сліткі металу. Але я рабіла гэта не дзеля нейкай адзнакі. Проста не хацелася фатаграфаць у стол, таму і паспрабавала адаслаць.
− У вашым «Выраі» − кадры з Беларусі. Сумуеце па ёй?
− Так, канешне. Вельмі шкадую, што мала фатаграфавала раней. Зараз гляджу на свае работы і думаю, што трэба было больш здымаць. Апошнім часам я досыць шмат ездзіла па маленькіх беларускіх гарадах. Тады мне здавалася, што ў мяне гэта ўсё заўсёды будзе пад бокам…
Убачыць фотавыставу Юліі Шатун можна ў кавярні «Мы» у горадзе Познань на вул. Fredry, 5.