
Беларускі музыка Сяржук Доўгушаў пачынае ў Варшаве майстар-клас “Прыродны голас”. Гэты курс творца выкладае ўжо звыш 10 гадоў.
«Радыё Рацыя» распытала Сяржука Доўгушава пра тое, як ствараўся курс і каму і чаму могуць быць карысныя заняткі.
РР: Вы цяпер ладзіце заняткі ў Беларускім Моладзевым Хабе. Ці можна яшчэ далучыцца, па якіх накірунках, і што для гэтага трэба зрабіць?
Сяржук Доўгушаў: Я запусціў яшчэ адзін курс «Прыродны голас». Ужо раблю гэты курс з 2013 году. Пачынаў у Менску. Далей у мяне быў такі перыяд, калі я маўчаў, ён пачаўся ў 20-ым годзе. Увогуле не праводзіў ніякіх майстар-класаў па спевах, ніякіх заняткаў. Усё сышло і ўсё. Далей я пачаў пакрысе даваць нейкія майстар-класы, кансультацыі. Потым быў гурт «Касары» і мужчынскія спевы. А цяпер я запускаю чарговы курс «Прыродны голас». Курс, які я сам распрацаваў, ён складаецца з васьмі заняткаў, там цэлая праграма, што зможа атрымаць кожны, хто далучыцца, хто запішацца на гэты курс.
РР: Ты вучыш там людзей спяваць «як расліну»?
Сяржук Доўгушаў: Гісторыя курса пачынаецца з маёй, я бы казаў, непаспяховай адукацыі ў Акадэміі музыкі, калі я ледзь не згубіў голас. І тады я пачаў больш даследаваць, дазнавацца, і праз вось гэтыя праблемы, праз тое, што ледзь не згубіў голас, я вырашыў усё ж такі больш зразумець, як карыстацца сваім голасам, як агулам спяваць і не стамляцца, як агулам пазбаўляцца ад любых праблем і спяваць «на горле», як карыстацца сваім дыханнем, як навучыцца гучна крычаць і не нашкодзіць ні сабе і не свайму голасу.
Голас – як тэрапеўтычнае ўздзеянне і на цела, і на жыццёвы тонус. І, самае галоўнае, знайсці той голас, які будзе адгукацца. Гэта голас, які будзе гучаць сэнсам жыцця, які будзе настолькі блізкім да цябе, настолькі родным, і адсюль такі тэрмін «прыродны голас». Для мяне гэта вельмі важна, што ён ад прыроды. Максімальна пачуць, максімальна знайсці сваё прыроднае гучанне без прыўкрас, без нейкіх прыдуманых стылізацыяў. Зараз сітуацыя такая, што вельмі няпроста нават сябе пачуць, нават спыніцца і сябе паслухаць. Другое, што настолькі мы ўсяго пераслухалі, розных стыляў, рознай музыкі, розных гукавых хваляў. Акрамя таго, мы жывем у горадзе, тут увогуле столькі шумоў, столькі ўсяго, і гэта вельмі моцна ўплывае на наш гук, гэта вельмі моцна ўплывае на нашае гучанне, на ўспрыманне сябе, агулам каб проста заспяваць, каб сказаць штосьці натуральна і каб гэта было не на шкоду свайму здароўю.
РР: Многія псіхолагі адзначаюць станоўчы ўплыў спеваў на чалавека. Але ці ёсць станы, магчыма нават душэўныя, маральныя ў тым ліку, у якіх непажадана займацца спевамі?
Сяржук Доўгушаў: Непажадана займацца спевамі толькі калі ты захварэў, калі горла баліць, ці нейкая хвароба, якая звязаная з нашым галасавым апаратам. У астатніх выпадках наадварот лепш спяваць. Нават калі вельмі дрэнна. Я ўзгадваю сваіх вучняў, якія часам прыходзяць вельмі разбітыя, ці агулам няма жыццёвай энергіі, ці агулам такая дэпрэсія. Пачынаем гучаць, і гэтыя вібрацыі вяртаюць да такога жыццёвага ладу, ды жыццёвага тонусу. Я сам часам хаджу на заняткі, каб натхніцца ад гэтых вібрацый. І можна нават нічога не казаць, можна нават не філасофстваваць, а проста пачаць дыхаць, раздыхавацца, я раблю шмат практыкаванняў дыхання, гэта ў прынцыпе і ёсць падмурак, аснова, з чаго пачынаецца ўсё.
Заняткі “Прыродны голас” ладзяцца кожную сераду у Беларускім Моладзевым Хабе (ul. Dożynkowa 6a). Пачатак у 19:00.
Марына Савіцкая, racyja.com
