У Беластоку прайшоў канцэрт Ігара Палынскага «Вожыка»

На пляцоўцы Беластоцкага музычнага клуба адбыўся канцэрт беларускага музыкі Ігара «Вожыка» Палынскага.

На працягу больш чым двухгадзіннага выступу прагучалі тры дзясяткі кампазіцыяў, – музыка падзяліўся ўражаннем з нашым радыё:

– Я сёння на сцэне злавіў неверагодны кайф ад таго, як усё было, ад таго, як спявалася, ад таго, як прымалі мяне людзі, як рэагавалі на тое, што я спяваю. І адчувалася, што ім гэта не было абыякава. Таму я схільны думаць, што ўсё прайшло клёва, і я задаволены канцэртам.

Таксама сваімі ўражаннямі ад выступу падзяліўся і адзін з аўтараў вершаў, на чые словы пакладзеныя некаторыя песні Ігара Палынскага, – пісьменнік Алесь Аркуш:

– Ігара Палынскага ведаю яшчэ з яго юнацкага ўзросту. Я памятаю яго першыя выступы, памятаю, як спачатку яго гурт называўся «Горад N», а затым стаў называцца «Sumarok». Я памятаю, як ён выдаў першы свой альбом «Мінор», у якім былі дзве песні на мае вершы. Атрымаўся вельмі файны бенефіс. Таму віншую Ігара.

Юрась Дзяшук, racyja.com