Гісторыя «Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода» пачалася ў 1949 годзе паводле ініцыятывы тагачаснага кіраўніка амэрыканскай выведкі Алена Далеса.

Першая праграма – чэхаславацкая вэрсія (на чэскай і славацкай мовах) – выйшла ў эфір 4 ліпеня 1950 году – якраз у Дзень незалежнасьці ЗША.

Пазьней дадалі мовы іншых народаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, паняволеных Савецкім Саюзам.

Гадзіньнік у бкдынку Радыё Свабодная Эўропа/Радый Свабода. Фота 1964 году

Пазьней адкрылі вяшчаньне на СССР, і першай стала расейская рэдакцыя, якая адкрылася ў сакавіку 1953 году. Яна пачала працу за чатыры дні да сьмерці савецкага дыктатара Ёсіфа Сталіна і набыла шырокую аўдыторыю, асьвятляючы сьмерць і наступную барацьбу за ўладу ў Крамлі.

З 1953 па 1959 год радыёстанцыя называлася «Радыё Вызваленьне». Першыя пяць гадоў пасьля стварэньня беларускай сэкцыі 20 траўня 1954 году яе праграмы трансьляваліся як «Радыё Вызваленьне», а потым ужо перайменавалі ў «Радыё Свабода».

Спачатку, дарэчы, «Радыё Свабодная Эўропа» і «Радыё Свабода» былі асобнымі арганізацыямі, хоць і выконвалі падобныя функцыі. Яны былі аб’яднаныя пад адным дахам, у адзіную карпарацыю, у 1976 годзе.

Трэба сказаць, што праграмы «Радыё Свабода» пастаянна глушыліся ў СССР (у адрозьненьне, напрыклад, ад «Голасу Амэрыкі», калі яго глушэньне спынялі двойчы падчас «разрадкі» ў адносінах паміж ЗША і СССР).

«Радыё Свабода» глушылі да 1988 году, то бок спынілі глушыць толькі праз тры гады палітыкі «галоснасьці» і адкрытасьці, абвешчанай Міхаілам Гарбачовым у 1985 годзе.

Мюнхен, аэрапорт

Малавядомы – гісторыя «Радыё Свабода» пачыналася з будынку аэрапорту Обэрвэйзэнфелд у Мюнхене. Гэты будынак узьвялі ў 1930-х гадах, часткова ў той пэрыяд, калі ў Нямеччыне ўжо быў пры ўладзе Гітлер.

Стары будынак аэрапорту, у якім спачатку ў Мюнхене, у 1953–1967 гадах, разьмяшчаўся офіс «Радыё Свабода»

З гэтым аэрапортам зьвязана яшчэ адна гісторыя – менавіта сюды прыляталі брытанскі лідэр Нэвіл Чэмбэрлен і францускі лідэр Эдуар Дэлад’е ляцелі на перамовы з Гітлерам і італьянскім дыктатарам Мусаліні і ў ноч з 29 на 30 верасьня падпісалі так званае «Мюнхэнскае пагадненьне», якое фактычна перадала Гітлеру Судэцкую вобласьць Чэхаславаччыны.

Але гэта не выратавала Эўропу – і менш чым праз год пачалася Другая ўсясьветная вайна.

«Будынак служыў Мюнхэнскім аэрапортам… (і адыграў) гістарычную, трагічную ролю, улічваючы наступствы. Гісторыя будынка пачалася ў цемры, як сымбаль уміратварэньня і здрады», – кажа Іван Талстой з «Радыё Свабодная Эўропа», які вывучае гісторыю радыё.

«Але потым, у 1950-х гадах, адбылося адраджэньне. З гэтага самага месца голас свабоды пачаў трансьлявацца ў Савецкі Саюз і Ўсходнюю Эўропу», – дадаў ён.

Зробленая на 3-D прынтэры мадэль мюнхенскага аэрапорту, дзе ў в 1953-1967 гадах разьмяшчалася «Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода», якое спачатку называлася «Радыё Вызваленьне»

Зараз на «Радыё Свабода» Іван Талстой з калегамі аднавілі пры дапамозе 3D прынтэра копію мюнхэнскага аэрапорту і яна выстаўляецца на чацьвёртым паверсе цяперашняй штаб-кватэры, дзе знаходзяцца таксама офісы кіраўніцтва мэдыйнай карпарацыі.

Англійскі парк

Потым, у 1967 годзе, «Радыё Вольная Эўропа / Радыё Свабода» перамясьцілася ў тым жа Мюнхэне ў будынак колішняй лякарні ў Англійскім парку.

Гэта была «залатая эра» «Радыё Свабода», якое ў 1990 годзе мела найбольшую аўдыторыю ў СССР у параўнаньні зь іншымі іншаземнымі вяшчальнікамі. Мільёны людзей штотыдзень, нягледзячы на жалезную завесу, уключалі «Радыё Свабода» на кароткіх хвалях, пераадольваючы спробы СССР заглушыць сыгнал.

У 1976 годзе «Радыё Свабодная Эўропа» і «Радыё Свабода» аб’ядналі ў адну карпарацыю, штаб-кватэру якой разьмясьцілі ў Мюнхене у гэтым будынку побач з Англійскім паркам

З будынкам у Англійскім парку зьвязаны і выбух увечары 21 лютага 1981 году, калі пад кіраўніцтвам міжнароднага тэрарыста «Карласа Шакала» падарвалі 15 кіляграмаў выбухоўкі каля будынку «Радыё Свабода». Ён быў моцна пашкоджаны, бо моц выбуху нават падняла ў паветра друкарскія машынкі, якія ляцелі па калідорах ад выбуховай хвалі.

Тэрарыст і ягоныя памагатыя дзейнічалі па заказу румынскіх спэцслужб дыктатара Нікалае Чаўшэску.

У будынку «Радыё Свабода» ў Мюнхене пасьля тэрарыстычнага акту ў лютым 1981 году

Глен Фэргюсон, тагачасны прэзыдэнт «Радыё Свабода», на наступную раніцу напісаў супрацоўнікам у лісьце: «Чатыры з нашых супрацоўнікаў атрымалі раненьні, наш будынак пашкоджаны, але РВЭ/РС будзе працягваць вяшчаньне».

Пераезд у Прагу

Пасьля завяршэньня Халоднай вайны і шэрагу «аксамітных рэвалюцый» у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе ў 1989 годзе, калі ўпалі камуністычныя рэжымы, а таксама пасьля распаду СССР у 1991 годзе і агульнага пацяпленьня паміж ЗША і Расеяй, узьнікла пытаньне: а ці патрэбна «Радыё Свабода»?

Гучалі прапановы пра поўнае закрыцьцё, але вырашылі закрыць службы на краіны, якія пачыналі замацоўвацца ў заходнім сьвеце, — спачатку закрылі Польскую і Чэскую рэдакцыі. А пазьней: Славацкую, Вугорскую, а таксама, напрыклад, балтыйскія службы — Эстонскую, Латыскую і Літоўскую.

Колішняя эмблема «Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода»

Існавала ўсьведамленьне непазьбежнасьці эпохі скарачэньня фінансаваньня і трэба было шукаць больш танны варыянт, чым Мюнхэн.

Дарэчы, мы разглядалі некалькі варыянтаў – сярод іх, скажам, Будапэшт, але вырашылі ня ехаць у сталіцу Вугоршчыны, бо супрацоўнікам было б цяжка вывучыць вугорскую мову – адну з самых складаных у Эўропе.

Была нават ідэя пераехаць на Сыцылію, дзе якраз закрывалася адна з вайсковых баз NATO, але гэты варыянт не спрацаваў з лягістычныя прычын – дрэннае злучэньне вострава з мацерыком у той час.

Прага, 1968 год, савецкая акупацыя і падаўленьне Праскай вясны. Людзі на вуліцах слухаюць радыё. Справа можна пабачыць каркас будынку будучага фэдэральнага парлямэнту Чэхаславаччыны, у якім у 1995 годзе разьмесьціцца «Радыё Свабода»

Спыніліся на Празе — і з пункту гледжаньня цаны, і нават з пункту гледжаньня неабходнасьці быць геаграфічна бліжэй да аўдыторыі, а таксама як сымбаль «вызваленьня» Прагі і Чэхіі ад савецкага панаваньня. Гэта значыць, супрацоўнікі «Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода» прыехалі ў Прагу пераможцамі — але на аўтобусах, а не на танках.

Такім чынам, з 1995 году «Радыё Свабода» разьмяшчаецца ў былым будынку фэдэральнага парлямэнту Чэхаславаччыны. Будынак знаходзіцца ў самым цэнтры Прагі, на Вацлаўскай плошчы. Ён быў пабудаваны ў канцы 1960-х гадоў.

Ён апусьцеў пасьля «аксамітнага разводу» паміж Чэхіяй і Славаччынай, якія сталі асобнымі краінамі 1 студзеня 1993 году.

Тагачасны прэзыдэнт Вацлаў Гавэл запрасіў «Радыё Свабода» ў Прагу ў пусты будынак былога фэдэральнага парлямэнта за сымбалічную плату ў адну крону на год.

Колішні прэзыдэнт Вацлаў Гавэл быў старшынём на першым рэдакцыйным сходзе ў новым будынку «Радыё Свабода» ў Празе. 27 сакавіка 2009 году

Але вынікала шмат праблем з бясьпекай, асабліва пасьля тэрактаў 11 верасьня 2001 году і стварэньня Аўганскай, Іранскай і Арабскай моўных службаў для Іраку. Праскія гарадзкія ўлады былі незадаволеныя ўзмоцненымі захадамі бясьпекі і нават прысутнасьцю БТРаў у цэнтры горада, у якім шмат турыстаў. Для бясьпекі па пэрымэтры ўсталявалі бэтонныя бар’еры, якія запаволілі рух у цэнтры Прагі.

У гэтым будынку з 1995 да 2009 году на Вацлаўскай плошчы ў Празе разьмячалася «Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода». Цяпер гэта Нацыянальны музэй

Зараз у гэтым будынку — частка Нацыянальнага музэю Чэхіі, але ў ім захаваўся вялікі лягатып «Радыё Свабода».

«Тыповая амэрыканская амбасада»

Урэшце ў 2000-х гадах вырашылі пабудаваць адмысловы будынак для «Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода» — новы, эксклюзіўны будынак, а не перарабляць ужо існуючую.

Абралі раён Hagibor на ўсходзе Прагі — гэта ня цэнтар, але і не прыгарад.

Будынак «Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода» ў Празе

«Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода» пераехала ў свой новы дом у 2009 годзе, перад будынкам узьнялі амэрыканскі, чэскі, а таксама свой уласны «свабодаўскі» сьцяг з лягатыпам карпарацыі.

Як сказаў адзін журналіст з Кіева, які наведаў будынак «Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода»: «О, гэта выглядае як тыповая амэрыканская амбасада!».

Першую рэдакцыйную сустрэчу ўсяго Радыё ў Празе адкрыў і правёў былы прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл. З таго часу канфэрэнц-заля і заля пасяджэньняў у штаб-кватэры «Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода» называецца «Заля Гавэла».

Цяпер «Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода» вяшчае ў 27 краінах на 23 мовах для штотыднёвай аўдыторыі амаль 50 мільёнаў гледачоў, чытачоў і слухачоў.

svaboda.org