«Латушка, ты ўліп па поўнай». Павел Латушка расказаў пра новы ліст з пагрозамі

Павел Латушка. Фота: Jakub Porzycki NurPhoto via Getty Images

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка вечарам 1 верасня напісаў у фэйсбуку пра пагрозу, якая паступіла па электроннай пошце ў 20:50 у панядзелак. Ананімны аўтар намякае на публікацыю нейкага кампраметуючага відэа.

«Сёння ў 20.50 я атрымаў e-mail менавіта ад таго адрасата, які папярэджваў аб нападзе на мяне ў Варшаўскім універсітэце за некалькі гадзін да здарэння. Які папярэджваў аб выхадзе прапагандысцкага відэафільма АНТ у дачыненні да Святланы Ціханоўскай і мяне. Які папярэджваў пра тое, што «пачынаецца ваша знішчэнне», — патлумачыў Латушка, чаму сур’ёзна паставіўся да чарговага электроннага ліста.

Палітык прыклаў да паста скрыншот паведамлення: «Ды ўжо Латушка, уліп ты па поўнай. Што ж ты такі дэбіл, што не заўважыў, што цябе на камеру здымаюць, гэта значыць, гэтая праф*ра цябе здымае».

«Ліст наступнага зместу дэманструе, што КДБ каардынуе і кіруе дзейнасцю Вольгі Карпушонак. На старонцы Вольгі Карпушонак могуць быць апублікаваныя выключна падрыхтаваныя спецслужбамі псеўдадоказы ў стылі фільма пра падпал. Ніякіх сустрэч, рэстаранаў і ўжо тым больш харасменту не было і не магло быць», — напісаў Павел Латушка.

У суботу, 30 жніўня, сябра Каардынацыйнай рады трэцяга склікання Вольга Карпушонак у фэйсбуку абвінаваціла Паўла Латушку ў сэксуальных дамаганнях. Павел Латушка абверг абвінавачванні.

nashaniva.com