
Кіраўнік Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці (BSSF) Аляксандр Апейкін заявіў, што знікненне міжнароднага каардынатара фонду Анатоля Котава ў Турцыі 21-га жніўня, выклікае сур’ёзную заклапочанасць і можа мець палітычны падтэкст.
Па словах Апейкіна, Котаў займаў выключна важнае месца ў беларускай спартыўнай сферы:
– Анатоль гуляў ключавую ролю, можна так сказаць. Адразу, ад пачатку стварэння фонду з 2020 году, ён займаў пазіцыю каардынатара па міжнародных пытаннях. Меў вялікую колькасць стасункаў, вялікую колькасць кантактаў у спартыўным свеце, бо раней займаў пасаду генеральнага сакратара Нацыянальнага Алімпійскага камітэту. Для дэмакратычнай супольнасці ў галіне спорту адназначна адзін з найлепшых спецыялістаў.
Адпаведна кіраўнік BSSF агучыў і імаверную версію знікнення Анатоля Котава:
– Мне здаецца, што Анатоль мог патрапіць у нейкую пастку, напэўна ўсё ж такі здарыўся такі варыянт, як я кажу, незаконнай экстрадыцыі. То бок ён мог патрапіць па нейкім запрашэнні на нейкую сустрэчу і там магло адбыцца ўсё што заўгодна.
BSSF ужо звярнуўся да турэцкіх уладаў, міжнароднай спартыўнай супольнасці, федэрацый і інстытутаў, а таксама да праваабарончых арганізацый і дыпламатаў з заклікам неадкладна звярнуць увагу на сітуацыю і дамагчыся расследавання знікнення. У Беларусі Котава ўлады асудзілі завочна на 12 гадоў пазбаўлення волі.
