Беларускія і польскія журналісты заклікалі Караля Наўроцкага ўзняць тэму палітзняволеных калег падчас сустрэчы з Трампам

Галоўная рэдактарка тэлеканалу «Белсат» Аліна Коўшык. Варшава, Польшча. 23 ліпеня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Прадстаўнікі беларускіх і польскіх медыяў звярнуліся да прэзідэнта Польшчы Караля Наўроцкага напярэдадні ягонага візіту ў ЗША з просьбай узняць тэму вызвалення Анджэя Пачобута і 11 журналістаў тэлеканалу «Белсат», якія застаюцца за кратамі ў Беларусі. 

Ліст на адрас Караля Наўроцкага быў накіраваны 1 верасня галоўнай рэдактаркай «Белсат TV» Алінай Коўшык.

«Шаноўны спадар Прэзідэнт. Мы, ніжэй падпісаныя журналісты з Польшчы і Беларусі, звяртаемся да Вас з заклікам, які лічым нашым маральным абавязкам. Просім Вас падчас будучай размовы з Прэзідэнтам Злучаных Штатаў Доналдам Трампам узняць пытанне аб вызваленні Анджэя Пачобута і адзінаццаці журналістаў тэлеканалу «Белсат», якія дагэтуль застаюцца ў зняволенні рэжыму Аляксандра Лукашэнкі».

Анджэй Пачобут – журналіст, актывіст Саюзу палякаў у Беларусі, чалавек велізарнай адвагі і сумленнасці – ён сімвал барацьбы за свабоду слова і правы польскай меншасці ў нашым рэгіёне. Ён таксама гарачы патрыёт, адданы Польшчы і сваёй малой радзіме – Гарадзеншчыне. Улады ў Менску кінулі яго за краты за тое, што ён казаў і пісаў праўду пра складаную гісторыю польскіх крэсаў і рэгіёну. Яго абвінавацілі ў распальванні нацыянальнай варожасці і экстрэмізме, хаця ён займаўся гісторыяй і пісаў, між іншага, пра лёсы Арміі Краёвай на Гарадзеншчыне і пра савецкую агрэсію супраць Польшчы ў 1939 годзе. Падобны лёс напаткаў адзінаццаць нашых калегаў з «Белсату», якія за сваю сумленную журналісцкую працу былі змешчаныя ў беларускія турмы.

«Белсат», створаны 18 гадоў таму менавіта ў Польшчы, з самага пачатку існавання быў голасам праўды, свабоды і годнасці для мільёнаў беларусаў, пазбаўленых доступу да незалежных СМІ ў сваёй краіне. Нашыя зняволеныя супрацоўнікі не здзейснілі ніякага злачынства – яны дакументавалі рэпрэсіі, паказвалі мірныя пратэсты, давалі слова тым, каго ўлада імкнулася прымусіць замаўчаць. За камерай, мікрафонам ці камп’ютарам яны выконвалі тую ж працу, якую выконваюць журналісты ва ўсім свеце: сумленна інфармавалі. Іхная адзіная «віна» ў тым, што яны не паддаліся цэнзуры і хлусні прапаганды.

Многія з іх праводзяць доўгія месяцы ў ізаляцыі, у цяжкіх умовах, без магчымасці кантакту з сем’ямі. Яны пазбаўленыя права на абарону, доступу да лекараў і падтрымння блізкіх. Кожны новы дзень у зняволенні – гэта для іх пакуты, але таксама драма для іхных сем’яў і ўсёй журналісцкай супольнасці.

Гэтая сітуацыя не толькі асабістая і сямейная трагедыя зняволеных, але і ўдар па фундаментах дэмакратыі, якія Польшча – як сусед і сябра свабоднай Беларусі – мае маральны абавязак падтрымліваць. Супольны голас Польшчы і Злучаных Штатаў у гэтай справе мог бы стаць важным жэстам салідарнасці і падтрымкі, так неабходнай сёння беларускай грамадзянскай супольнасці.

Паважаны спадар Прэзідэнт, мы верым, што Вы ўзнімеце гэтую тэму з належнай сілай і рашучасцю. Мы таксама верым, што голас Польшчы – краіны, якая так добра ведае цану свабоды, – прагучыць гучна і адназначна ў абарону зняволеных журналістаў», – гаворыцца ў лісце. 

Подпісы пад лістом паставілі вядомыя журналісты беларускіх і польскіх медыяў: галоўная рэдактарка «Belsat TV» Аліна Коўшык, галоўны рэдактар парталу Belsat.pl Міхал Кацэвіч, журналістка «Kanał Zero» Арлета Бойке, галоўны рэдактар тэлеканалу «wPolsce24» Яцэк Карноўскі, галоўны рэдактар «Krytyki Politycznej» Славамір Серакоўскі, былая дырэктарка «Belsat TV» Агнешка Рамашэўская, галоўны рэдактар выдання «Новы час» Сяргей Пульша, галоўны рэдактар парталу «BGmedia» Віктар Марчук, намеснік дырэктара «Polskiego Radia dla Zagranicy» Пётр Пагажэльскі, журналістка «Kanał Zero» Ёана Пінкварт, галоўны рэдактар Reform.news Фёдар Паўлючэнка, журналістка «TOK FM» Агнешка Ліхнеровіч, сузаснавальнік «Buro Media» Аляксандр Ярашэвіч, дырэктарка парталу «Наша Ніва» Настасся Роўда, журналістка «Kanał Zero» Марыя Стэпан, заснавальнік «Беларускага расследавальніцкага цэнтру» Станіслаў Івашкевіч.

Спіс падпісантаў расце.

Вядома, што афіцыйная працоўная сустрэча польскага прэзідэнта Караля Наўроцкага і Доналда Трампа мусіць адбыцца ў Белым доме 3 верасня.

belsat.eu