
Упаўнаважаная Расеі ў правах чалавека Тацяна Маскалькова заявіла, што беларускія «парлямэнцкія калегі» выконваюць функцыі мэдыятараў і пасярэднікаў у абменах палоннымі і арганізацыі вяртаньня цывільных грамадзян Расеі на радзіму.
«На беларускай зямлі нам дапамагаюць у якасьці пасярэднікаў, мэдыятараў, калі хочаце, памочнікаў, нашыя беларускія парлямэнцкія калегі», — сказала Тацяна Маскалькова на сустрэчы ў Маскве з сваякамі грамадзян, якія апынуліся разлучанымі са сваімі сем’ямі.
Маскалькова заявіла, што Аляксандар Лукашэнка надае «вялікую ўвагу гуманітарнай тэме і стварае магчымасьці, у тым ліку арганізацыйныя, для ўзьяднаньня сем’яў».
«У нас там ёсьць памяшканьне, дзе можна і паесьці, і пераапрануцца, і пры неабходнасьці атрымаць мэдычную дапамогу. І зь беларускай зямлі мы ўжо адпраўляемся ў Бранск, праз расейска-беларускую мяжу, дзе таксама вельмі важна прайсьці пасты, і ўжо на расейскай зямлі кожны рухаецца ў свой бок», — сказала Ўпаўнаважаная Расеі ў правах чалавека.
Як вынікае зь яе слоў, на мяжы Беларусі і Расеі ў Бранскай вобласьці цяпер усталяваныя памежныя пасты для праверкі грамадзян.
Не пазьней чым з лістападу 2024 году ў перамовах паміж Расеяй і Ўкраінай аб абменах палоннымі і вяртаньні цывільных грамадзян, пачалі ўдзельнічаць дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ірына Касьцевіч і супрацоўнік КДБ Валер Сьцепановіч, які да вайны працаваў у амбасадзе Беларусі ва Ўкраіне.
Сёлета ў чэрвені старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Іван Тэртэль заявіў, што прадстаўнікі Беларусі ўдзельнічаюць у абменах палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай зь верасьня 2022 году.
«Абменныя апэрацыі пачаліся, наколькі я памятаю, 21 верасьня 2022 году — была праведзеная першая апэрацыя. З таго моманту мы правялі 38 абменных апэрацый, у выніку якіх ажыцьцяўляліся абмены ваеннапалоннымі, цывільнымі асобамі, дзецьмі з аднаго і зь іншага боку. Праводзілася ўзьяднаньне сямей. На жаль, абмен целамі загінулых», — сказаў Іван Тэртэль у інтэрвію тэлеканалу «Беларусь 1».
Паводле яго слоў, КДБ займаецца арганізацыйнымі пытаньнямі і каардынуе ўзаемадзеяньне зь іншымі структурамі Беларусі.
Пасьля таго, як у жніўні 2024 году ўкраінскія войскі ўвайшлі на тэрыторыю Курскай вобласьці Расеі, абмен палоннымі перанесьлі на тэрыторыю Беларусі — у Гомельскую вобласьць. Абмены адбываюцца праз беларускі памежны пункт пропуску «Новая Гута» і ўкраінскі «Новыя Ярылавічы».
