У Варшаве працуе Школа дадатковай адукацыі ЦБС

У Варшаве працуе Школа дадатковай адукацыі Цэнтра Беларускай Салідарнасці. Тут бясплатна можна навучыцца матэматыцы, англійскай мове, мастацтву і не толькі. Падрабязней пра заняткі і выкладчыкаў, новы набор і дадатковыя магчымасці ўстановы – у гутарцы дырэктаркі Школы Хэлены Нядзьвецкай з «Радыё Рацыя».

РР: Чым будзе адметны новы навучальны сезон пры школцы ЦБС?

Хэлена Нядзьвецкая: Хіба такога новага ў нас нічога не будзе, у сэнсе не з’явяцца новыя прадметы, але дзякуй Богу, застаецца ўсё тое, што было ў мінулым годзе. Адзінае, зараз мы набіраем новыя групы дзетак па падрыхтоўцы да экзаменаў у 8 класе – гэта па матэматыцы і ангельскай мове. Бо ў нас дзеткі амаль год вучацца, вось у траўні здавалі экзамены па матэматыцы, у нас было 15 дзяцей, якія займаліся. І дзесьці 12 дзетак з 15 здалі больш чым на 90 балаў. Вельмі высокія паказчыкі. Вельмі задаволены. Па ангельскай таксама дастаткова высокія, больш за 50 ва ўсіх дзетак.

РР: Раскажыце пра набор.

Хэлена Нядзьвецкая: Зараз будзем толькі абвяшчаць новыя групы, але ёсць ужо бацькі, каторыя загадзя нам пісалі, тэлефанавалі яшчэ ў траўні – чэрвені. Таму мы іх запісвалі ў рэзерв. У нас у тым годзе была толькі адна група дзетак – 15, і ангельская, і польская па падрыхтоўцы. А ў гэтым годзе плануем адкрыць 2 – 3 групы. І паспрабуем адкрыць адну групу анлайн, каб маглі далучыцца дзеткі з усёй Польшчы, а не толькі з Варшавы.

Заняткі ладзяцца ў буднія і выходныя дні.

Марына Савіцкая, racyja.com