3 сакавіка ў судзе Ленінскага раёна горада Мінска старшыні Праваабарончага цэнтра «В*сна», палітвязню Алесю Бяляцкаму прысудзілі 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, паведамляе БАЖ.
Акрамя Аляся Бяляцкага, абвешчаны прысуд яго калегам, палітзняволеным праваабаронцам:
Валянціну Стэфановічу — 9 гадоў
Уладзіміру Лабковічу — 7 гадоў
Дзмітрыю Салаўёву (завочна) — 8 гадоў
Таксам Аляесю Бяляцкаму прызначылі пяць тысяч базавых велічыняў штрафу (185 000 рублёў). Астатнім правабаронцам прызначылі штраф у памеры тры тысячы базавых велічыняў (111 000 беларускіх рублёў)
Нагадаем, 9 лютага 2023 года пракурор запрасіў для Алеся Бяляцкага да 12 гадоў пазбаўлення волі, Валянціна Стэфановіча — 11 гадоў і Уладзіміра Лабковіча — 9 гадоў, Дзмітрыю Салаўёву — 10 гадоў, а таксама запатрабаваў прызначыць штраф у памеры 185 000 беларускіх рублёў на кожнага з абвінавачаных.
Праваабаронцы сваёй віны не прызналі.
«Пазіцыя пракуратуры па справе нашых сяброў і калегаў з’яўляецца ўвасабленнем усёдазволенасці беларускіх уладаў. Драконаўскія тэрміны турэмнага зняволення і штрафы нават па жахлівых стандартах глыбока скампраметаванай беларускай судовай сістэмы з’яўляюцца цяжкім выпрабаваннем для абвінавачаных і іх сем’яў», — заяўляў Павел Сапелка, выконваючы абавязкі члена праўлення «В*сны».
Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі напярэдадні вынясення прысуду па справе праваабаронцам асудзілі крымінальны пераслед Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча і ў чарговы раз заклікалі беларускія ўлады вызваліць праваабаронцаў і зняць з іх усе абвінавачанні.
Адрас для падтрымкі: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2 (Аляксандр Віктаравіч Бяляцкі, Валянцін Канстанцінавіч Стэфановіч, Уладзімір Мікалаевіч Лабковіч)