Telegram-бот зроблены ў рамках праграмы «Падтрымка грамадзянскіх ініцыятыў» Асветніцкага дома правоў чалавека ў Чарнігаве. Простыя і зразумелыя інструкцыі @ConsultantBel_Bot складзены на аснове рэальных кейсаў і правераны юрыстам, паведамляе «БАЖ».
Як беларусу атрымаць від на жыхарства ва Украіне падчас вайны? Як і куды падаваць дакументы і што рабіць, калі міграцыйная служба адмаўляецца іх прымаць?
Адказы на гэтыя ды іншыя пытанні пра легалізацыю беларусаў ва Украіне сабраны ў бясплатным Telegram-боце @ConsultantBel_Bot.
— Я жыву ва Украіне два гады. Гэтым летам падаўжэнне віду на жыхарства стала для мяне надзвычай складанай задачай: даводзілася збіраць інфармацыю па крупінках. Так у мяне ўзнікла ідэя стварыць чат-бот, які б сабраў усе асноўныя інструкцыі па легалізацыі беларусаў ва Украіне і палегчыў жыццё тым, хто зараз сутыкаецца з тымі ж цяжкасцямі, праз якія прайшла і я, — кажа адна з удзельнікаў каманды, якая стварыла чат-бот. — Мы плануем развіваць бот і з часам дадаць у яго іншыя раздзелы: разблакіроўка карты, замена пашпарта, грамадзянства.
Бот раскажа, як і на якой падставе беларус можа атрымаць від на жыхарства, як атрымаць статус уцекача і як аспрэчыць адмову ў гэтых дакументах. Калі інфармацыі сабранай у боце будзе недастаткова, ён дапаможа атрымаць кансультацыю ў праваабарончай арганізацыі, якая працуе з беларусамі.
Знайсці бота можна па спасылцы-запрашэнні https://t.me/ConsultantBel_Bot