Латушка абмеркаваў ва Уроцлаве праблемы з легалізацыяй беларусаў

Вырашэнне праблем з легалізацыяй, з якімі сутыкаюцца беларусы, што жывуць у Ніжнесілезскім ваяводстве Польшчы, абмеркаваў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Павел Латушка з ваяводай згаданага рэгіёна Ганнай Жабскай.

Размова на сустрэчы ва Уроцлаве вялася вакол зваротаў мясцовых беларусаў пра “паскарэнне працэдуры разгляду і выдачы” польскага “праязнога дакумента”, “легалізацыю дзяцей, народжаных на тэрыторыі Польшчы”, “адкрыццё банкаўскіх рахункаў на тэрыторыі ваяводства”, “чэргі пры падачы і разглядзе заяў на легалізацыю” ды інш.

Праблемныя пытанні былі падрыхтаваныя сумесна з Суполкай беларусаў Уроцлава і сфармаваныя ў ходзе сустрэчы Латушкі з беларускай дыяспарай, якая пражывае ў рэгіёне. Паводле інфармацыі АПКБ, кіраўніца польскага рэгіёна канстатавала, што “мясцовыя ўлады сутыкнуліся з вялікім прытокам уцекачоў — найперш з тэрыторый Украіны і Беларусі, што значна павялічыла тэрміны афармлення адпаведных дакументаў”.

racyja.com