Новы прысуд Бяляцкаму і ягоным таварышам-вясноўцам… «CH+» прапануе напісаныя ў розныя гады развагі Алеся пра пачуцьці, эмоцыі, у палоне якіх апынаецца чалавек за кратамі. Пра турму і выпрабаваньні ёй. Пра тое, што падтрымлівае волю да жыцьця і нязломнасьць чалавека, які верыць у сваю справу.
Адзін зь беларускіх грамадзянскіх лідэраў, пасьля таго, як у 2011-м выйшаў з “амерыканкі”, дзе яго пратрымалі чатыры месяцы ды так і не прад’явілі абвінавачваньня, неяк сказаў, што добра, каб турэмнай баланды паспыталі і беларускія праваабаронцы. Маўляў, тады пачнуць лепей разумець — чым і як насамрэч трэба ім займацца.
Я тады быў пакрыўдзіўся, бо дужа багата рабілі, каб арганізаваць як мага больш шырокую і выніковую кампанію дапамогі палітычным зьняволеным. А зараз дзесьці і згодны. Прынамсі мая ўнутраная матывацыя займацца праваабаронаю атрымала новы штуршок.
Неяк атрымаў кароткі допіс ад азербайджанскага праваабаронцы: “Трымайся, Алесь! Я прасядзеў у турме чатыры гады, і ты прасядзіш!” Адначасова і сьмешна, і сумна.
Пасьля арышту яркая і выразная мяжа падзяляе тваё жыцьцё: тое, што было да арышту, і зусім іншае, што адбываецца з табой зараз. Галавою ты разумееш, што гэта ўсё па-сапраўднаму, але ў першыя гадзіны і дні пасьля арышту паглядаеш на самога сябе як бы збоку і табе здаецца, што ўсе дзеяньні, размовы, дыялогі падчас вобшуку, допытаў — гэта штосьці ірэальнае, гэта ўсё не з табой.
Штосьці падобнае перажыў і я, хоць быў маральна і практычна падрыхтаваны значна лепей, бо не раз і не дзесяць затрымліваўся, сядзеў на сутках па адміністратыўных працэсах.
А вось, напрыклад, ва Уладзіміра Някляева апынулася значна горш. Яго арыштоўвалі другі раз у жыцьці і забралі-пацягнулі зьбітага з бальніцы ў невядомасьць.
Пазьней ён напіша: “У так званай “амерыканцы”, унутранай турме КДБ, у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года былі забітыя 22 беларускія паэты. У наступную яшчэ чацьвёра. Недзе ў гэтых сутарэньнях…”
Вось шлях на Галгофу ва ўяўленьні паэта: “Вядуць сутарэньнямі. Канвойныя не ў чорным — у вайсковай форме. Спыняюць. Ставяць тварам да сьцяны. На сьцяне шчарбіны, нібы сьляды куль. Халадзее патыліца”. Парадаксальна, але ад сьмяротнай невядомасьці ратуе паэта камера: “…і дзьверы зачыняюцца. Як толькі яны зачыніліся, страх адпусьціў. Я адчуў сябе абароненым”.
Штосьці падобнае адчуваў і я, калі пасьля напружаных дзён у судзе вяртаўся на Валадарку ў сваю 15-ю камеру. Я заходзіў у яе эмацыйна спустошаны, як у свой родны дом. Дзьверы за мною захлопваліся, лязгаў замок, і я, акурат як Уладзімір Някляеў, адчуваў сябе абароненым.
Франтавік капітан-артылерыст Аляксандр Салжаніцын асэнсоўваючы турэмны вопыт заўважыць:
“У апісаньні турмы заўсёды імкнуліся згушчаць жахі. А ці не жахлівей, калі жаху няма? Калі жах — у шэранькай метадычнасьці тыдняў? У тым, што забываесься: адзінае жыцьцё, дадзенае табе на зямлі, зламанае».
Чалавеку лягчэй аднойчы, у адну хвіліну, пайсьці на адважны ўчынак, гледзячы сьмерці ў вочы, чым вытрымліваць год за годам маральны, псіхалагічны ціск, гэтую “шэранькую метадычнасьць тыдняў».
У агульнай, працяглай дэпрэсіўнай сітуацыі, у якой дзесяцігоддзямі боўтаецца наш сьвет, напэўна, важна мець прыклады чалавечай годнасьці.
Тым больш, бездакорных людзей звычайна няма, а нашыя пачуцьці і ўяўленьні бывае што падманваюць нас. Гэта як поўня, якая ў небе выглядае большай за сонца. Мы памыляемся, мы расчароўваемся, мы губляем веру і надзею і ўсё роўна шукаем, ствараем і знаходзім новых герояў, новых «рыцараў без заганы і вады», якім хочацца давяраць і верыць. Таму, кажу я ізноў, так важна мець жыцьцёвыя, духоўныя, маральныя прыклады і ўзоры. Тады адчуваешся ўпэўненей і трывалей стаіш на зямлі, дакладней уяўляеш, куды далей ісьці.
Багата з тых, хто хацеў зьмяніць жыцьцё людзей да лепшага, чамусьці самі апыналіся ў турме. І таксама часта траплялі ў няволю тыя, хто больш за ўсё на сьвеце цаніў свабоду. Гэта здаралася праз духоўныя пошукі, сумненьні і дзеі. Бясконцая каляя гэтых людзей.
Часам здаецца, што турма найперш і стваралася для іншадумцаў. Рознае стаўленьне гэтых людзей да зьняволеньня. Так, пісьменьнік-вязень Аляксандр Салжаніцын лічыў яго выпрабаваньнем, якое можа загартаваць і адшліфаваць характар і душу чалавека. “Турма, гэта ня толькі пракляцьце, а і дабраславеньне» — казаў адзін з герояў ягонага раману “У коле першым”.
Другі пісьменьнік-вязень Варлам Шаламаў наадварот пераконваў, што турма — гіблае месца, дзе міжволі запэцкваецца і апаганьваецца чалавечая душа, згаршаецца любы чалавек.
Нэльсан Мандэла, які адседзеў у турме 27 гадоў, казаў, што ён удзячны лёсу за гэты час, калі мог пабыць сам насам з сабой і спакойна падумаць.
Я ня бачу супярэчнасьці ў такіх розных, нават катэгарычна дыяметральных выказваньнях і жыцьцёвых пазіцыях вядомых вязьняў. Проста яны сядзелі ў розны час і ў розных умовах.
Урэшце, за 27 гадоў зьняволеньня, Нэльсан Мандэла зь лідэра ўзброенай барацьбы супраць каланіялізму зьмяніўся на прапаведніка негвалтоўнага супраціву за раўнапраўе. Стаўшы прэзідэнтам, ён ня ўпаў у помсту і датрымаў сваіх поглядаў.
“Сьвятых заўсёды трэба лічыць вінаватымі, пакуль недаказаная іхняя невінаватасьць”, — пісаў Джордж Оруэл пра яшчэ аднаго “негвалтоўніка”, славутага Гандзі. Якога крыху недалюбліваў і як брытанец, і як марксіст. Пярэчыў абагаўленьню, кажучы, што масавы мірны супраціў, гэтак званая “цьвёрдасьць у праўдзе”, якую прапаведваў Гандзі ў змаганьні з англійскім каланіялізмам, была выніковай толькі ў той сістэме законнасьці і правапарадку, свабоды прэсы, якой прытрымліваліся ангельцы ў Індыі. І што гэтая філасофія нягвалту бессэнсоўная і пагібельная пры такіх таталітарных рэжымах як фашызм і сталінізм.
І ўсё ж, калі Гандзі ня стала, Джордж Оруэл усклікае: “Які чысты пах пакінуў ён пасьля сябе!”
Да ўсіх адрозьненьняў у турмах трэба дадаць яшчэ і асаблівасьці характараў зэкаў. Няма чалавека падобнага на іншага, і гэтак жа ж па-рознаму людзі ўспрымаюць і ацэньваюць турму. Лёсы вязьняў, іхнія ўражаньні не падобныя адзін на аднаго. Колькі чалавек — столькі і гісторыяў, столькі і ацэнак турмы.
Разважаючы пра рознае стаўленьне да закратавага досьведу, згадваю таксама празаічны тэкст з «Американских стихов» Аляксандра Фядуты. Там яму ўдалося перадаць вострыя пачуцьці, якія апанавалі зьнянацку стрывожаную і зьняволеную душу.
Раю ўсім зацікаўленым прачытаць гэтую кніжачку. Часам аўтар ўздымае пытаньні ці пераказвае пачуцьці, сугучныя з маімі ў турме. А часам ягоны турэмны вопыт, развагі і высновы выклікаюць парадаксальную нязгоду.
Я ні ў якім выпадку не хачу зь ім спрачацца — проста дзіўлюся, наколькі ўсё ж мы розныя. Таму погляд людзей, якія знаходзяцца ў аднолькавай сітуацыі, на, здавалася б, аднолькавыя рэчы і зьявы можа выклікаць зусім іншыя думкі і асацыяцыі.
Васіль Гросман сьцьвярджае, што нават тады, калі перад чалавекам стаіць самы жорсткі выбар: паміж выгандляваным жыцьцём, зьвязаным з адыходам ад перакананьняў ці з здрадаю іншых людзей, то лепей — ПРОСТА памерці. І гэта — выбар, які кожны чалавек можа зрабіць сам, індывідуальна.
Магчымасьць нават ТАКОГА выбару, піша В. Гросман, робіць чалавека сапраўды вольным, нават у самых безнадзейных сітуацыях. Прычым не важна, ці будзе гэты крок мець хоць нейкі розгалас, ці не. Чалавек можа і мусіць выбіраць найперш для сябе, для свайго ўласнага “я”, каб найперш у сваіх вачах заставацца чалавекам, каб не здрадзіць самому сабе.
У перапісцы з маёй знаёмай з Пецярбурга мы абмяркоўвалі раман Гросмана. Прачыталі яго, можна сказаць, аднымі вачыма. Але яна, вопытная праваабаронца, у якой яшчэ бацькі былі дысідэнтамі, дадала адную важную акалічнасьць: “Выбар заўсёды магчымы. Галоўнае, мабыць, не даць сябе падмануць”.
Пра гэта ж, фактычна, у розных варыяцыях, розных жыцьцёвых варунках пісаў у сваіх творах Васіль Быкаў.
Сёньняшняе жыцьцё не ставіць нас у такія трагічныя сітуацыі, як гэта было падчас мацнейшых грамадзкіх зломаў у калектывізацыю, сталінскага тэрору ці ў бязьлітасныя войны ХХ стагодзьдзя, якія спраўлялі на беларускай зямлі свой крывавы баль.
Але і ў наш час для кожнага чалавека застанецца праблема выбару. І калі раней платаю за захаваньне чалавечай годнасьці часта было само жыцьцё, то зараз кошт непараўнальна меншы, але ўсё ж вельмі істотны: кар’ера, дабрабыт, матэрыяльныя выгоды, сямейны спакой ды іншыя набыткі ўстойлівага чалавечага існаваньня.
І як вытрымаць, як не саступіць, як не пагадзіцца са злом і хлусьнёю? Як не даць сябе падмануць? Кожнаму асабіста прыходзіцца адказваць на гэтае пытаньне.
Тыя ж прыклады цьвёрдага чалавечага супраціву і высокага маральнага выбару, якія далі ў сваіх творах і Васіль Гросман, і Васіль Быкаў, і Ларыса Геніюш, і Варлам Шаламаў, і Аляксандр Салжаніцын, застаюцца нязьменным арыенцірам і ў нашым, маім асабіста звычайным будзённым жыцьці.
Калі чую крытыку наконт марнасьці нашых намаганьняў, маўляў, штогод — усё тыя ж ганеньні, ахвяры, канфіскацыі, гвалт, звальненьні, выключэньні, я заўжды адказваю: не здавайцеся, супраціўляйцеся як толькі можаце! Укладзіце сябе цалкам у змаганьне супраць наступу гвалту і двудушнасьці, якія ідуць на нас з калідораў улады.
Калі хочам выкараскацца з балота і выцягнуць з дрыгвы Бацькаўшчыну, нельга баяцца рэпрэсіяў і ціску. Перамены магчымыя тады, калі новае пакаленьне беларусаў зможа пабачыць перад сабой новыя персьпектывы.
Чаго мы імкнёмся дасягнуць? Нас вядзе сьвятло ідэяў, запаленае яшчэ ў далёкія 1960-ыя бясстрашным Андрэем Сахаравым: дэмакратычная выбарчая сістэма, плюралізм меркаваньняў, свабода слова, незалежная судовая ўлада, павага да правоў чалавека.
Усё гэта падставовыя рэчы, скажаце вы, але, на жаль, яны адсутнічаюць у Беларусі. Быў адноўлены таталітарны строй, улады якога імкнуцца ўсталяваць кантроль над усімі абсягамі грамадзкага жыцьця.
Тысячы людзей зазнаюць палітычна абумоўленае ганеньне, дзясяткі незалежных медыя і сотні НДА зьліквідаваныя, зачыненыя непрыхільныя каледжы і ўніверсітэты.
Пытаньне прысутнасьці таго ці іншага беларускага пісьменьніка ў школьнай праграме вырашаецца цэнзарам з улікам прыхільнасьці апошняга да цяперашняга ўраду.
Беларусь душыць афіцыйная дзяржаўная ідэалогія — яўная прыкмета таталітарнага ладу, тысячы «ідэолагаў» назіраюць за думкамі й паводзінамі народа.
Няма незалежных судоў, а міліцыя, пракуратура і перадусім КДБ скіроўваюць усе свае намаганьні на нейтралізацыю грамадзкіх і палітычных дзеячаў, якія процістаяць цяперашняму ўраду. Арышты, ператрусы і адміністрацыйныя суды праходзяць штодня, штрафы і суткі раздаюцца шчодрай рукой. Студэнтаў выключаюць з універсітэтаў, актывісты застаюцца бяз працы, а іхныя сем’і трапляюць пад уціск.
Многія людзі падтрымліваюць нас і зьвязваюць з намі свае надзеі. Мы распачалі дэмакратычны рух у краіне не для таго, каб спыніцца на паўдарозе да мэты. Мы, беларускія праваабаронцы, ідзём па нашай зямлі з упэўненасьцю. Мы ўпэўненыя ў канчатковым выніку нашай барацьбы. Няма сумневу, што было б немагчыма рабіць усё, што мы робім, без аднадумцаў і паплечнікаў.
Нармальнае, годнае жыцьцё — гэта калі жывеш і ведаеш, што ты пад аховаю права, Канстытуцыі. Адчуваеш абароненасьць сваёй прасторы. Але цяпер у нас няма такіх магчымасьцяў. Бо ў аўтарытарнай дзяржаве няма справядлівага суда, сумленнай міліцыі, справядлівых выбараў. Тут народ імкнуцца зрабіць вінцікам. А мы мусім зарадзіць грамаду адчуваньнем, смакам свабоды. Атрымаецца — тады і зломім рэжым.
Што ж мы будзем рабіць пасьля?
Як толькі зьменіцца грамадзка-палітычнае становішча ў нашай краіне, трэба дасягнуць найхутчэйшай, наколькі гэта ў людзкіх сілах, дэлукашызацыі нашага грамадзтва.
Нам спатрэбіцца выкрыць усе злачынствы, зьдзейсьненыя ўладамі, дамагчыся афіцыйнага разьвянчаньня і асуджэньня ідэалогіі, люстрацыі сярод яе паборнікаў, ідэолагаў, пракурораў, судзьдзяў, чыноўнікаў Міністэрства юстыцыі, Міністэрства ўнутраных справаў, Камітэта дзяржаўнай бясьпекі ды іншых органаў перасьледу, што бралі ўдзел у сістэматычным парушэньні правоў чалавека ў Беларусі.
Нам спатрэбіцца неадкладная рэформа турэмнай сістэмы, што на цяперашні момант стварае бесчалавечныя ўмовы зьняволеньня.
Нам трэба будзе ўсталяваць эфектыўнае праваабарончае назіраньне і правесьці адпаведныя зьмены ў беларускім заканадаўстве.
Нам трэба будзе ўвесьці такую праваабарончую адукацыю ў школах і ўніверсітэтах, якая была б адначасова захапляльнай і дзейснай.
У нас будзе поўна справаў.
І нам спатрэбіцца прыкласьці ўсе намаганьні, сілы і практычны досьвед, каб забясьпечыць незваротны адыход эпохі дыктатуры і таталітары- зму ў мінулае.
…Разумею, такі вось аптымістычны погляд у персьпектыву можа падацца некаму штучным, найграным, бо ён належыць чалавеку за кратамі. Зьняволенаму. Палітвязьню. Сьведку і ўдзельніку новага беларускага Адра- джэньня.
Але я кажу шчыра, бо ведаю, пра што, і веру ў сябе.
Веру ў нас.
Веру ў Беларусь.
Гісторыя вучыць: не заўсёды пацярпелыя прайграюць. І не заўсёды той, хто выйграў, становіцца пераможцам.
Цяжкі, драматычны, пакручасты шлях самапошуку, самаўсьведамленьня і стварэньня новым вольным народам новай дэмакратычнай дзяржавы мусіць урэшце скончыцца перамогаю.
Як у нашых суседзяў-братоў па Вялікім Княстве Літоўскім.
…Гэта яшчэ будзе. Абавязкова.
Ну а пакуль я зноў у фокусе ўвагі і ў цэнтры выпрабаваньняў.
Для сістэмы важна зламаць мяне, каб усе ведалі, на чыім баку сіла. А мне важна — выстаяць.
У першую чаргу для сябе самога.
Але ж гэта важна і для тых, хто спачувае і перажывае за мяне, хто з волі назірае за тым, як я паводжуся, як трымаюся.