Кіеў: малебен і ўшанаванне беларускіх вайскоўцаў

8 верасня ў Дзень беларускай вайсковай славы, прысвечаны вялікай перамозе пад Воршай у 1514 годзе, у Кіеве прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы. Ва Успенскім саборы Кіева‑Пячорскай Лаўры адбыўся малебен. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі Палка Астрожскага, Палка Каліноўскага, а таксама беларускія вайскоўцы, якія змагаюцца ў складзе Узброеных Сіл Украіны.

Кажа ўдзельнік, каардынатар руху «Каліноўцы» ў Варшаве Дзяніс Герасімчык:

– Гэта было вельмі натхнёна, таму што там сабраліся людзі, якія падтрымліваюць вольную, незалежную Беларусь. Былі намеснік пасла Літвы і пасол Польшчы ва Украіне. Было шмат сцягоў, шмат нашых ваяроў. А потым было ўзнагароджанне хлопцаў. На жаль, многіх пасмяротна.

Гэтыя ўрачыстасці сталі часткай шырэйшых святкаванняў Дня беларускай вайсковай славы, якія прайшлі ва ўсім свеце, дзе жывуць беларусы. Мерапрыемствы падкрэсліваюць пераемнасць гісторыі і сучасную актуальнасць падзей 1514 года, а таксама салідарнасць паміж беларускім і ўкраінскім народамі.

racyja.com