
«Радыё Рацыя» пагутарыла з кіраўніцай місіі дэмакратычных сілаў Беларусі ў Кіеве Святланай Шацілінай.
РР: Спадарыня Святлана, сённяшняя ноч і раніца як прайшлі ў Кіеве?
Святлана Шаціліна: Прынамсі па-за Кіевам, а я жыву ў прадмесці, было ціха. Але мы ўжо прывыклі да таго, што ціша, яна такая, – сёння яна ёсць, а праз 10 хвілін яе можа ўжо не быць.
РР: А вось папярэдняя ноч, калі ўсе інфармацыйныя агенствы паведамлялі пра тое, што каля 20 дронаў заляцелі на тэрыторыю Польшчы. А як тая ноч прайшла для Украіны?
Святлана Шаціліна: Прынамсі ў нас было гучна. Хутчэй за ўсё прыляцела нейкая ракета, дронаў я не чула. Нават мая сабака кідаўся, моцна рэагаваў. Людзі да ўсяго прывыкаюць. Нават да пачуцця страху. Але ў той час было страшна.
РР: Вельмі часта мы пра гэта гаворым, што чалавек да ўсяго прывыкае. Але як з Украіны бачыцца тое, што дроны масава заляцелі ў Польшчу? Якое ўвогуле гэта пачуццё, калі чуеш прылёт дронаў?
Святлана Шаціліна: Людзі, калі чуюць штосьці такое ўпершыню, то гэта незвычайна. Я згадваю пачатак вайны, я за два тыдні пачула ўсё – ад аўтаматных чэргаў, да гукаў верталётаў. Ты прывыкаеш да гэтага. Як бы не гучыць гэта прыкра. Гэта робіцца проста часткай твайго жыцця. Я вельмі добра ўяўляю, як маладыя мамы, напрыклад, з дзецьмі, як гэта для іх. Я думаю, што гэта для іх проста суцэльны жах. Калі ты бяссільна ў тым, каб абараніць сваё дзіця. Вось гэта сапраўды страшна.
А тое, як я, ва Украіне, успрымаю сітуацыю ў Польшчы, то на мой погляд як лекара, хваробу трэба лячыць пэўнымі канкрэтнымі, добра вядомымі, спосабамі. Калі ў вас рак, бо вайна – гэта ракавая пухліна, а Расея гэтай небяспекай накрывае ўсю Еўропу. Аднак Еўропа проста за гэтым назірае, або п’е рамонкавую гарбату. На мой погляд, гэта зусім не дапаможа. І тыя рэакцыі, якія маглі быць з боку Еўропы, – гэта рыхтавацца, гэта выкарыстоўваць патэнцыял Украіны, у якой ужо ёсць вялікі досвед змагання з дронамі. Я назірала за сустрэчай Сікорскага і Сібігі, на якой яны дамовіліся, што будуць супольна працаваць над тым, каб выкарыстоўваць украінскае войска для збіцця такіх дронаў. На мой погляд гэтая дамоўленасць як мінімум на тры гады спазнілася.
