
Беларусы Вільні працягваюць пісаць лісты салідарнасці беларускім палітвязням і праз так званы “арцівізм” (актывізм праз творчасць, музыку) прасоўваюць тэму палітзняволеных і правоў чалавека. Дапамагюць ім у гэтым і літоўцы.
Як кажа актывіст “Майстэрні салідарнасці” Марк Кулеш, бліжэйшым часам былым вязням перададуць усе лісты, напісаныя ім падчас акцый па напісанні паштовак і лістоў, арганізаваных “Майстэрняй паштовак салідарнасці”.
– Праца над лістамі, падтрымка палітвязняў, прасоўванне іх гісторый пераходзіць з больш такога сталага, «эндэошнага» ў больш такую хутчэй творчасць. Таму што гэта праца, вядома, неаплатная, усе занятыя, працуюць на некалькіх працах, трэба выжываць. Таму гэта зараз больш пра творчасць, як нейкі кантэнт, як чалавечы кантакт, пра перадачу карэспандэнцыі, якая назбіралася за ўсе гэтыя гады.
Нагадаем, 11 верасня рэжым Лукашэнкі вызваліў і дэпартаваў у Літву 52 палітвязняў, 38 з якіх былі беларусы. Толькі адзін з іх, вядомы палітык Мікола Статкевіч, вярнуўся ў Беларусь, выбіўшы дзверы ў аўтобусе. Дакладнае месцазнаходжанне Статкевіча пакуль невядома, ёсць версія, што яго завезлі назад у глыбоцкую калонію.
